Саша Варламаў: Можна было адмовіцца ад фестывалю, тады б не было праблем
Мадэльер і кіраўнік цэнтру моды пры БДУ распавёў, у чым яго вінавацяць і чаму на яго завялі крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
На думку Варламава, гэта магло здарыцца з-за зайздрасці ці незадаволенасці кагосьці з удзельнікаў “Млыну моды”.
Варламаў: “Калі робіш такі вялікі праект, ёсць людзі, якія застаюцца па-за паказам. Ці нейкая калекцыя не прайшла, бо не ўсе калекцыі праходзяць у фінал. Я працую з дызайнерамі і студэнтамі, штосьці ў іх атрымліваецца, штосьці – не. Пакрыўджаных і незадаволеных можа быць вялікая колькасць. Калі чалавеку глядзіш у вочы, ён жа не кажа, маўляў, я на цябе напісаў…”
Нагадаем, Сашу Варламава вінавацяць у прысваенні 300 мільёнаў рублёў. Мадэльер прыгадвае, што на замежных паказах часам трэба аплачваць тэхнічныя выдаткі. На гэта патрэбныя пэўныя грошы.
Варламаў: “Дзесьці плаціць трэба, дзесьці - не. Я заўжды казаў, у бухгалтэрыі БДУ, у Міністэрстве адукацыі, што мне трэба разлічвацца за тэхнічныя сродкі. Мне адказвалі, што ў вас ёсць сутачныя (камандзіровачныя для ўдзельнікаў паказаў – заўв. Еўрарадыё), рабіце з імі ўсё, што хочаце. Я еду ў краіну і я не ведаю, што трэба: пазычаць грошы, ці збіраць, заўжды атрымліваецца больш расходаў”.
Сутачныя – гэта выплаты мадэлям і дызайнерам на пражыванне за мяжой. Варламаў узгадвае адзін з паказаў, калі давялося расплаціцца сутачнымі. Пры гэтым удзельнікі фэсту далі на гэта пісьмовую згоду.
Варламаў: “З Берліна па факсе прыйшоў рахунак. Маўляў, арганізатары нямецкага шоў выставілі разлік – 10,5 тысяч еўра. Я задаў пытанне, вось вашы сутачныя, ёсць магчымасць імі разлічыцца за тэхнічную частку фестывалю. Вы можаце забраць іх, можаце даць згоду на расход. І яны напісалі ліст, што мы, падпісанты, разумеем, куды ідуць гэтыя грошы. Мы разлічыліся, а грошай усё адно не хапіла. Я пазычаў грошы. У выніку з Берліна ў мяне 2,5 тысячы еўра запазычаннасць. А пасля людзей, якія падпісаліся, вызывалі і прасілі сказаць, што гэта я іх упрошваў напісаць гэтыя лісты”.
Па словах мадэльера, можна было адмовіцца ад фестывалю і не плаціць гэтыя грошы. Тады б не было гэтых праблем. Але ўжо былі дасланыя запрашэнні людзям, амбасадару, мог быць скандал, калі б людзі прыйшлі, а паказу не было.
Варламаў заўважае, што раней ён меў магчымасці зарабляць і ўкладваў грошы ў фестываль, але цяпер удзельнікаў фестывалю няшмат, бо прыходзіць вучыцца мала людзей. Ды паказаў за мяжой пакуль не будзе. Магчыма, не будзе і “Млыну моды”, а Саша Варламаў кладзецца ў лякарню з-за дрэннага стану здароўя.
Варламаў: “Не ведаю, як далей. Мы бліжэйшым часам нікуды не паедзем. Не ведаю, што будзе з “Млынам моды”, бо я кладуся ў лякарню, у мяне вельмі дрэнна са здароўем. Я больш не магу змагацца. Усё жыццё я зарабляў, укладваў, зарабляў, укладваў. Я рабіў касцюмы, людзі дзякавалі мне за гэта. Усе грошы ішлі ў працу. Жыву я ў той жа кватэры, дзе жыла мая маці. Нічога ў мяне няма, лецішча няма…”.
Калегі Варламава не вераць абвінавачанням. Маўляў, усе грошы мадэльер скіроўваў на працу, а заведзеная крымінальная справа – недарэчнасць, - кажа дызайнер, якая працуе з Варламавым з 2006 года.
“Упэўненая, што ўсе грошы, якія Саша траціў, ён траціў на справу. Усё што тычыцца замежных паездак, там вельмі шмат пераплат”.
Іншы дызайнер, з якім Варламаў працуе ўжо 10 гадоў, не можа паверыць у гісторыю, якая здарылася з мадэльерам.
“Мы былі шакаваныя гэтым. Мы не можам проста паверыць, бо чалавек зрабіў для моладзі і для дызайнераў шмат, каб раскруціць нашу моду, нашу індустрыю”.
Па версіі міліцыі, Варламаў выкарыстоўваў не па прызначэнні сродкі ў 2007-2010 гадах на суму звыш за 300 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы прызначаліся для удзельнікаў фестывалю як камандзіровачныя, паведамляе сайт сталічнай міліцыі. Паводле артыкула 426 – перавышэнне службовых паўнамоцтваў, Cашу Варламаву пагражае ад 3 да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Таксама па гэтай тэме: http://euroradio.fm/node/1711
Фота: metasalon.by