Размеркаванне: У Брагінскі раён – 40 настаўнікаў, і столькі ж у Брэст

120409 Martin Razmerkavanne.mp3

“У нас умовы добрыя, многія застаюцца. Жыллё даюць, гледзячы, якія ў каго абставіны”, - кажуць у Брагінскім раённым аддзеле адукацыі.

І столькі ж чалавек паедзе адпрацоўваць размеркаванне … у Брэст! Тут хвалююцца, што прыедуць не ўсе, бо найперш забяспечваюцца раёны, а гарады ўжо пасля.

“Можа, нехта з выпускнікоў, каго размеркавалі ў вёскі будзе пераразмяркоўвацца ў Брэст. Бо часам раён просіць 5 чалавек, а месцаў рэальна – толькі тры”, - кажуць у Брэсцкім аддзеле адукацыі.

Ельскі раён у гэтым годзе запрашае 25 настаўнікаў. На мяжы з забруджанымі тэрыторыямі пасля двух гадоў размеркавання застаецца нібыта... большасць.

“Застаецца 86% маладых спецыялістаў. Ёсць тыя, хто ажаніўся”, - ганарацца ў аддзеле адукацыі.

Для параўнання – у Слуцкі раён, дзе жыве ўдвая больш людзей, на працу клічуць 30 маладых спецыялістаў. І ніякай радыяцыі!

У пагранічныя з Чарнобыльскай зонай Хойнікі трэба ў 1,3 разы больш. Пры тым, што яшчэ летась сюды прыехала 38 педагогаў.

“Да нас заўжды прыязджае на працу каля 40 чалавек. Летась было 38 чалавек”, - распавядаюць у Хойніцкім раённым аддзеле адукацыі.

Выпускніца факультэта рускай і беларускай філалогіі БДПУ Наталля працаваць паедзе ў Стаўбцоўскі раён. Перад гэтым дзяўчына год адвучылася ў магістратуры.

“Размяркоўваюся за 70 кіламетраў ад Мінска, у вясковую школу, бо месцаў у горадзе няма. Працаваць у вёсцы настаўнікам не вельмі хочацца. Калі ў класе 5 чалавек, два з іх хочуць ісці ў ПТВ, адзін ужо ведае, што ён трактарыст, а іншым усё роўна – гэта не вельмі. Адзінае выйсце - пайсці ў аспірантуру”, - расказвае Наталля.

Адной дзяўчыне з групы Наталлі ўсё ж удалося ўцячы да размеркавання.. ў Італію.

“Праўда, там з бацькамі пытанне, яны мусяць выплачваць грошы за яе”, - кажа маладая спецыялістка.

І грошы там немалыя… Летась “адкос” ад размеркавання каштаваў ад 19 да 40 мільёнаў.

Фота: rbiu.ru