Прэзідэнтам Беларусі можа стаць баксёр, барэц, баскетбаліст ці валейбаліст

Пры Аляксандру Лукашэнку спортам нумар адзін у Беларусі стаў, бадай што, хакей. А ў што будуць гуляць беларусы, калі прэзідэнтам стане хтосьці іншы?

Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў расказаў, што ў юнацтве сур’ёзна займаўся боксам і барацьбой.

Уладзімір Някляеў: “Займаючыся боксам, я выступаў на спаборніцтвах такога ўзроўню, якія лічацца спаборніцтвамі перспектыўных маладых спартсменаў. А барацьбой я займаўся ў трэнера Грыгор’ева, які трэніраваў Аляксандра Мядзведзя. І я трэніраваўся разам з Васілём Сюльжыным, які стаў пасля чэмпіёнам свету”.

Усё ў Някляева са спортам было сур’ёзна, пакуль не атрымаў траўму. Цяпер катаецца на лыжах, гуляе ў настольны тэніс і більярд, пастаянна робіць гімнастыку. Калі ж стане прэзідэнтам, то падтрымліваць будзе толькі дзіцячы і юнацкі спорт. Прафесійны адпусціць у свабоднае плаванне.

Уладзімір Някляеў: “Там, дзе спорт можа зарабіць, як гэта ва ўсім свеце робіцца, туды павінны ўкладацца грошы. Але гэтыя грошы павінны знаходзіць людзі, для якіх гэта будзе бізнесам. Тыя ж бокс і барацьба — гэта бізнес. І Беларусь павінна праз гэта далучыцца да міжнароднага спорту. Дзяржаўнае кіраванне не ёсць найлепшым метадам развіцця фізкультуры і спорту”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук мае першы разрад па валейболе, выступаў падчас вучобы ў школе на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Адначасова займаўся скачкамі ў вышыню, і яго школьны рэкорд таго часу доўга не маглі пераскочыць. Ва ўніверсітэце атрымаў першы разрад па настольным тэнісе і ўсе пяць гадоў вучобы займаў выключна першае месца на ўніверсітэцкіх спаборніцтвах. Цяпер таксама не забываецца сачыць за фізічнай формай. Калі стане прэзідэнтам, то Лядовыя палацы Раманчук прапануе зрабіць камерцыйнымі аб’ектамі, але і без мінімальнай падтрымкі дзяржавы іх не пакідаць. Асноўную ж дапамогу палітык мяркуе накіроўваць трэнерам секцый і выкладчыкам фізкультуры ў школах.

Яраслаў Раманчук: “Перш за ўсё, трэба падтрымліваць фізічную культуру і спорт, даваць добрыя грошы трэнерам у секцыях і выкладчыкам фізічнай культуры, каб яны былі зацікаўленыя ў развіцці спорту. Калі яны атрымліваюць 350-400 тысяч, то ніякага добрага спорту ў краіне быць не можа”.

Дзіцячы і юнацкі спорт, лічыць Яраслаў, мусіць фінансаваць дзяржава. Вялікі спорт мусіць стаць камерцыйным і спонсарскім. Палітык выступае за тое, каб ліквідаваць Міністэрства спорту і ўтварыць агенцтва па развіцці фізічнай культуры і спорту.

Сябраваў са спортам і Андрэй Саннікаў: у двары гуляў у футбол і хакей, а ў секцыі займаўся баскетболам. Нават выступаў за зборную Лінгвістычнага інстытута. Цяпер яго заняткі спортам абмяжоўваюцца працяглымі прагулкамі па лесе і далёкімі заплывамі ў моры. Што ж тычыцца лядовых палацаў, то, кажа, грошы на іх пайшлі марна. Праўда, што рабіць з тымі, якія не акупляюцца, пакуль не вырашаў. А вось у тым, што дзяржава павінна падтрымліваць спорт, Саннікаў не сумняваецца.

Андрэй Саннікаў: “Дзяржаўная падтрымка спачатку патрэбная. Бо трэба перабудоўваць спорт у больш эфектыўныя формы. Для спаборніцтваў, дзе мы не як дзяржава выступаем, патрэбная клубная сістэма. Прыклад БАТЭ — вельмі добры. А так спорт трэба падтрымліваць. Можа, вярнуцца да тых форм, якія існавалі ў Савецкім Саюзе — дзіцячыя спартовыя школы, спартовая падрыхтоўка. Але без тых хібаў, якія былі”.

Па-сур’ёзнаму займаўся ў юнацтве бегам і ўдзельнічаў у спаборніцтвах прэтэндэнт ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Таму, лічыць ён, спорт трэба падтрымліваць.

Рыгор Кастусёў: “Падтрымка спорту павінна адбывацца. І прадпрыемствамі, і мясцовымі ці дзяржаўнымі бюджэтамі. Але гэта павінна адбывацца на ўзаемавыгадных умовах. Каб прадпрыемству было выгадна падтрымаць нейкую каманду. Павінна быць паслабленне падаткаў ці нешта іншае. Каб прадпрыемства атрымлівала прыбыткі за кошт спартовай каманды. Усё гэта можна зрабіць, калі падысці да гэтага з розумам”.

Хрысціянскі дэмакрат Віталь Рымашэўскі займаўся дзюдо, боксам, гіравым спортам і наведваў яшчэ некалькі менш “сур’ёзных” секцый. Цяпер абмяжоўваецца паходамі ў басейн і ўзнімае тонус з дапамогай набору гір вагой ад 16 да 32 кілаграм. Рымашэўскі абяцае не толькі захаваць ўсе лядовыя палацы, але і пабудаваць у кожным спальным раёне ўсіх гарадоў басейны і спартзалы.

Віталь Рымашэўскі: “Мы зробім усё магчымае, каб простыя людзі, дзеці маглі кожныя выходныя прыходзіць і выкарыстоўваць гэтыя палацы. Апроч за тое, я лічу, што трэба будаваць менш буйныя аб’екты. Да прыкладу, басейны ці не вельмі вялікія спартовыя залы ў кожным спальным раёне: іх вельмі не хапае цяпер”.

Паводле яго слоў, дзяржава павінна фінансаваць спорт — ад дзіцячых секцый да алімпійскіх зборных. Але трэба адначасова яго камерцыяналізаваць.

Баскетболам у юнацтве займаўся і Мікола Статкевіч. Зараз штодня робіць зарадку, мае дома турнік і пастаянна ходзіць па 7 кіламетраў. Ён, як і Рымашэўскі, прапануе і палацы захаваць, і невялікія залы для фізкультуры ў кожным спальным раёне адкрыць. А вось што тычыцца дзяржаўных датацый спорту, то, кажа, даваць іх трэба не ўсім.

Мікола Статкевіч: “Ну, не будуць заўзятары ламіцца паглядзець, як жанчыны кідаюць ядро ці кап’ё! Гэты від спорту не акупляльны. Але ён прыносіць залатыя медалі і прэстыж краіне — і там трэба ўкладацца. А ёсць віды спорту, якія павінны самі на сабе зарабляць, — хакей, футбол. І проста трэба падрыхтаваць для самастойнага жыцця, пасля пэўнай фінансавай падтрымкі выпусціўшы на свабоду і дазволіўшы зарабляць”.

Узначальваць жа федэрацыі, кажа Статкевіч, павінны альбо прафесіяналы, альбо багатыя спонсары.