Праваабаронцы просяць ААН заступіцца за беларускіх адвакатаў
Беларускія праваабарончыя арганізацыі звярнуліся ў ААН з інфармацыяй наконт новых фактаў ціску беларускіх уладаў на адвакатаў.
У лісце, адрасаваным спецдакладчыку ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль, гаворыцца, у прыватнасці, аб пазбаўленні Мінюстам адвакацкіх ліцэнзій Уладзіміра Тоўсціка, Тамары Гараевай, Алега Агеева і Таццяны Агеевай.
Праваабаронцы мяркуюць, што такія дзеянні Мінюста "палітычна матываваныя і парушаюць прынцып незалежнасці адвакацкай дзейнасці, замацаваны шэрагам міжнародных дакументаў".
У лісце адзначаецца, што пасля падзеяў 19 снежня "беларускія адвакаты пастаўленыя ў такое становішча, калі яны не могуць на неабходным узроўні выконваць свае прафесійныя абавязкі праз факты запалохвання, пераследу і неправамернага ўмяшальніцтва з боку выканаўчай улады".
Аўтары ліста просяць спецдакладчыка аператыўна адрэагаваць на гэтае паведамленне ў межах мандата ААН.