Пінігін: Жонка амбасадара збегла, бо прыбіральні былі як у войску

120217 Martin Teatr.mp3

“Будзе стары будынак, захаваецца фасад, як яго спраектаваў Казлоўскі. Ёсць адзіная праблема – разабраная тэхнічная каробка. Гэта рэканструкцыя з рэстаўрацыяй”, - распавядае Еўрарадыё рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін, якога сустракаю каля будоўлі.

Паказваючы на тэатр, Мікалай Пінігін запэўнівае, што старога будынку ўжо не хапала, ён быў занадта маленькі для 2-мільённага гораду.

Мікалай Пінігін: “Там вельмі цесна было. Нам сорамна было. У нас прыбіральня была, як у войску. Жонка амбасадара збегла, бо ёй сорамна было там знаходзіцца. Мы кантралюем сітуацыю, працуем разам з архітэктарамі. Будзе гістарычная частка і дабудовы. Зразумела, што па гэтым тэатры Купала хадзіў. Але тэатр – гэта не камяні, а людзі. І калі мы адбудуем зручны тэатр – гэта будзе самае галоўнае”.


Частку будынку Тэатра ўжо знеслі: тры сцяны ў задняй частцы, якія фармавалі сцэну. Цяпер там працуюць трактары, рабочыя… У Аддзеле знешніх сувязяў Купалаўскага тлумачаць, што немагчыма зрабіць сучасны тэатр, каб зусім не пацярпела гістарычная частка будынка.

Такая рэканструкцыя тэатра турбуе акцёраў. Акустыку, што была ў зале Купалаўскага, можна ўжо не ўзнавіць.

“Спачатку трэба было ўсвядоміць: рэканструкцыя, рэстаўрацыя ці навабуд. Гэтая рэстаўрацыя. Як паўсюль у нас: знесці старое і паставіць новае з пластыкавымі вокнамі, зняць брукаванку і пакласці кафлю”, - непакоіцца актор Купалаўскага Раман Падаляка, які на яго сцэне 10 год.

“Спачатку трэба было ўсвядоміць: рэканструкцыя, рэстаўрацыя ці навабуд. Гэтая рэстаўрацыя. Як паўсюль у нас: знесці старое і паставіць новае з пластыкавымі вокнамі, зняць брукаванку і пакласці кафлю”.

Праект перабудовы тэатра нават не абмяркоўваўся з акцёрамі, працягвае Раман

Раман Падаляка: “У Вільні, напрыклад, не зносіцца ніводная старая хата. Будынак тэатра – месца, куды прыходзіш не толькі на спектакль. Цяпер у рускім так хочуць зрабіць: ты прыходзіш на спектакль, распісваешся і сыходзіш. Калі і ў нас так зробяць – гэта будзе завод, а тэатр мусіць быць не проста месцам працы, а домам”.


Артыст Ігар Дзянісаў грае ў Купалаўскім больш за 20 год. Ён за пашырэнне тэатра. Але таксама баіцца, што праз рэканструкцыю тэатр страціць. Таму выказваецца за касметычны рамонт старога будынку і пабудову новага – сучаснага.  Ён забраў кавалак паркету са старога будынку тэатра, на памяць.

Ігар Дзянісаў: “Нехта браў ляпніну, нехта кавалак падлогі. У мяне ёсць кавалак паркету з “Брахалаўкі” – памяшкання дзе збіраліся артысты перад выхадам на сцэну”.


Акцёры сочаць за будоўляй і глядзяць, як руйнуецца частка тэатра.

“Там зруйнавалі сцэну. Вядома, для нас гэта балюча. Гэта намоленае месца. Можа, там і добра зробяць. Але нешта сыдзе. Мы вось нядаўна падыходзілі да тэатра. Глядзелі паўгадзіны, як зачараваныя… Але веру, што, можа, зробяць нядрэнна”, - прызнаецца актор Міхаіл Зуй.

Вольга Скварцова-Кавальская на сцэне Купалаўскага ўсяго 3 гады. Але тое, што цяпер робіцца з будынкам яна не можа назваць рэстаўрацыяй.

Вольга Скварцова-Кавальская: “Гэта не рэстаўрацыя. Будзе новы будынак з фасадам, з еўрарэмонтам і спасылачкамі на даўніну. Найбольш я хвалююся за акустыку”.


Так будзе выглядаць тэатр пасля рэканструкцыі.


Нагадаем, рэканструкцыя Купалаўскага тэатра пачалася летам 2010 года. На капітальную перабудову Купалаўскага ў 2012 годзе будзе выдаткавана не менш за 210 мільярдаў рублёў. Закончыць будоўлю ўлады горада плануюць сёлета ўвосень .

А так ён выглядаў на пачатку мінулага стагоддзя.

Нагадаем, рэканструкцыя Купалаўскага тэатра пачалася летам 2010 года. На капітальную перабудову Купалаўскага ў 2012 годзе будзе выдаткавана не менш за 210 мільярдаў рублёў. Закончыць будоўлю ўлады горада плануюць сёлета ўвосень .