Пасланне Лукашэнкі паказвалі толькі ў дзвюх тэлевізійных крамах з чатырох

120508 Martin Paslanie.mp3

“Абяцанні кожны год аднолькавыя, у прынцыпе, правільныя. Ён усё кажа “трэба, трэба, трэба”, - ацэньвае пасланне Аляксандра Лукашэнкі хлопец у ГУМе. Ён адзін з прысутных, якія пільна сочаць за пасланнем у аддзеле, дзе прадаюць тэлевізары.

Кіраўніка краіны ў ГУМе паказваюць па ўсіх тэлевізарах адразу. У любой дыяганалі і любым колеры. Пакупнікі абіраюць тавар і толькі зрэдку зазіраюць у тэлевізар. Хвіліны на 2-3. Пасля сыходзяць.

“Нехта заходзіць і звяртае ўвагу. Але, каб мэтанакіравана глядзелі – дык не”, - кажа прадаўшчыца.

Затое за трансляцыяй назірае прыбіральшчыца, адставіўшы пластыкавую швабру. Пытаю, ці кажа, што цікавае?

“Ай, гаварыльня”, - адмахваецца яна. У гэты час кіраўнік краіны расказвае пра інтэграцыю.

На вялікім экране на Кастрычніцкай плошчы кіраўніка краіны не бачна. Замест яго ідзе рэклама мясакамбіната. Цікава, чаму? У міліцыі спрабую даведацца, чаму не паказваюць пасланне? Тыя паціскаюць плячыма і раяць глядзець дома па тэлевізары.

Рэклама замест паслання

У гандлёвым доме “На Нямізе” выпуск навін па АНТ! Але ніхто нічога не губляе, пакупнікоў у краме няма.

У ЦУМе кіраўніка краіны паказваюць на адным тэлевізары і без гуку. На астатніх – фільм пра вайну. Падыходжу да прадаўцоў, і прапаную ўключыць Пасланне.

Еўрарадыё: А чаму ў вас пасланне ідзе толькі на адным тэлевізары і без гуку?

“А чаму яно мусіць быць на ўсіх і з гукам? Па якім канале?”, - пытаннем на пытанне адказвае прадавец і… уключае пасланне з гукам. На цэнтральным тэлевізары. Цяпер кіраўніка краіны чутна. Гаворыць пра будаўніцтва…

А пакупнікі далей абіраюць тэлевізары. Пасланне глядзіць толькі прадавец. Каля экрана, здаецца, спыняецца жанчына, але праз хвіліну адыходзіць.

Нагадаем, 8 траўня Аляксандр Лукашэнка агучыў пасланне для парламента і народа. Кіраўнік краіны гаварыў 3 гадзіны 40 хвілін.