Пад Смаргонню пустуе ракетны бункер (фота)

30 гадоў таму тут знаходзіліся ракеты, якія маглі забіць ворага ў радыюсе да 4500 км.

Увайсці ў падземны бункер зараз можна праз дзверы падземнага каманднага пункта. Шахты для боегаловак закрывае бетонны каўпак вагой у 450 тон, які раней адстрэльваўся адмысловым зарадам.

З трох падземных паверхаў за 30 гадоў вынеслі шмат чаго. Гэта відаць па пустых сценах, з якіх як рэбры тырчаць штыры, што павінны былі трымаць электраправады. Шахты для боегаловак глыбінёю з 7-павярховы дом залітыя вадою, а першы падземны паверх закуродымлены з-за пажара, што адбыўся тут некалькі год таму.

Савецкая мінуўшчына пакінула ў шахтах вялікую колькасць папярэджвальных надпісаў, што засталіся да гэтага часу.