Nikon прызнала фота "Beatles" у Бабруйску сапраўдным (фота)
Здымак групы "Beatles" на фоне ўказальніка з назовам горада Бабруйск сістэма праверкі фатаграфій Nikon прызнала сапраўдным.
На здымку ўсе чатыры ўдзельнікі легендарнага калектыву мэтанакіравана ідуць у Бабруйск. Аўтар падробленага здымка — кампанія ElcomSoft. Падробку зрабілі для тэставання праграмы праверкі сапраўднасці фота Image Authentication Software ад Nikon.
Па словах ElcomSoft, заявы Nikon аб надзейнасці гэтай сістэмы — "ашуканства". Кампанія выняла арыгінальны ключ подпісу з фотаапарата Nikon (хібы сістэмы дазваляюць гэта зрабіць) і падрыхтавала некалькі фальшывых малюнкаў. Яны паспяхова прайшлі праверку праграмы Image Authentication Software ад Nikon, бо былі падпісаныя вынятым ключом.
Так, сапраўднымі былі прызнаныя Дзмітры Мядзведзеў з надкусаным яблыкам замест iPhone у руцэ, група Beatles у Бабруйску і Мэрылін Манро ў сімпатычных майтках у кветачку.