Намеснік генпракурора: Халіп можа выязджаць за мяжу

Пра гэта агенцтву БелаПАН заявіў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. Па яго словах, журналістка павінна звярнуцца з адпаведнай заявай у крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС Мінска, якая вядзе прафілактычнае назіранне. Начальнік інспекцыі разгледзіць заяву і прыме законнае рашэнне, кажа намеснік генпракурора.

Нагадаем, Халіп у траўні 2011 года была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Яна не мае правы пакідаць Мінск, абавязана кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22-й гадзіны. Тэрмін адтэрміноўкі сканчаецца сёлета 17 ліпеня.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Халіп можа выязджаць з краіны, і абяцаў арганізаваць ёй такую магчымасць.

Фота — nn.by