На пастаноўку “Поргі і Бэс” у Мінску далі "дабро" праваўладальнікі оперы
А выконваць галоўныя ролі твора прыляцелі цемнаскурыя амерыканскія салісты - усё, як завяшчаў Гершвін.
29 чэрвеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пакажуць лепшыя нумары са знакамітай оперы Джорджа Гершвіна “Поргі і Бэс”. З гэтай нагоды ў Мінск прыляцелі выканаўцы галоўных роляў – цемнаскурыя Кеарсцін Пайпер Браўн і Майкл Рэдзінг. Для музыкаў опера, кажа Майкл Рэдзінг, не толькі выдатны музычны твор, але і магчымасць вандраваць па свеце.
Майкл Рэдзінг: “Я вандраваў з “Поргі і Бэс” па ўсім свеце, і нават выступаў з гэтым творам больш за мяжой, чым у Злучаных штатах. “Поргі і Бэс” – гэта бясплатныя квіткі для вандровак па ўсім свеце”.

Перад амерыканскімі музыкамі стаіць няпростая задача. За два дні рэпетыцый разам з галоўным сімфанічным аркестрам Беларусі на чале з маэстра Анісімавым і хорам Беларускай акадэміі музыкі яны мусяць стварыць музычнае палатно, якое надоўга застанецца ў памяці беларускага гледача. Зрабіць канцэртную пастаноўку оперы Гершвіна аказалася не так проста. Дзеля гэтага, распавёў на прэс-канферэнцыі музычны прадзюсар праекту Фарыд Сулейман, арганізатарам давялося звязвацца з амерыканскімі праваўладальнікамі твора, арандаваць канцэртную партытуру оперы ў Германіі, афармляць яе часовы ўвоз. Апроч амерыканскіх салістаў, аркестра і хору, у пастаноўцы возьме ўдзел беларускі джазмэн Канстанцін Гарачы, расійская спявачка Ірына Крыкунова і іншыя. Акрамя нумароў з “Поргі і Бэс” у канцэрце прагучаць гершвінскія “Рапсодыя ў стылі “блюз” і уверцюра “Амерыканец у Парыжы”. Канцэрт пройдзе пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Беларусі.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан

Музычны прадзюсар праекту Фарыд Сулейман

Юры Гільдзюк - піяніст, мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Салісты Майкл і Кеарсцін
