На мінскім мясакамбінаце 7 чалавек атруціліся аміякам
На прадпрыемстве адбылася ўцечка 50 кілаграмаў аміяку. Сямёра супрацоўнікаў камбінату трапілі ў шпіталь.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.
Навіцкі: “Увечары 5 красавіка паступіла паведамленне аб атручванні аміякам супрацоўнікаў камбіната. У будынку цэха паўфабрыкатаў адбыўся выхад аміяку з радыятара ахалоджвання, на 4-м паверсе. Адбылася ўцечка 50 кілаграмаў аміяку. Усяго ў сістэме было 20 тон. На момант здарэння ў цэху працавала 90 чалавек. Шэсць з іх звярнуліся да лекараў і былі шпіталізаваныя”.
Дарэчы, гэта не адзінае здарэнне на мясакамбінаце. Таксама ўчора ўдзень у кампрэсарным цэху атрымаў атручанне аміякам яшчэ адзін супрацоўнік камбінату. Ён таксама шпіталізаваны, кажуць выратавальнікі. Прычыны здарэння дагэтуль высвятляюцца.
Фота — minskpromstroy.by