На асіных гнёздах ратавальнікі заробяць тону мёду?

120612 Martin Uslugi.mp3

Ратавальнікі прапануюць труціць шэршняў і восаў за грошы. Бяруць нядорага.

“Калі будзе 6 паведамленняў за дзень з аднаго населенага пункта, і туды паедзе легкавая машына, кошт будзе маленькі: тысяч 20-15 рублёў. А калі давядзецца ехаць далёка, і толькі адзін выклік, зразумела будзе болей”, - распавядае прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

Летась ратавальнікі бясплатна знішчылі 4233 гнёздаў восаў і шэршняў. Калі лічыць па 20 тысяч за гняздо, атрымаецца 84 мільёны. Як падлічвае Еўрарадыё, хопіць амаль на тону мёда.

 Сёлета бясплатна знішчаць восаў будуць толькі ў дзіцячых садках, бальніцах і дамах састарэлых. Для астатніх – за грошы.

“Суправаджэнне канцэртаў, праверка водазабеспячэння, правядзенне высотных прац на будынках, правядзенне экспертыз, яшчэ знос будынкаў”, - пералічвае астатнія платныя паслугі ад МНС Віталь Навіцкі.

Кошты залежыць ад тэхнікі і адлегласці.

У міліцыі… прапануюць перавозкі пасажыраў і грузаў. Ад Брэста да Мінска 2,5 мільёны ў абодва бакі.

“24 сядзячых месцы ў аўтобусе, калі нехта хоча пастаяць – не пытанне. Адзін кіламетр прабегу – 2760 рублёў. Плюс – колькі зойме паездка, адна гадзіна 61 тысяча. Калі проста туды і назад, то выйдзе 2,4 мільёны”, - падлічваюць у Брэсцкай міліцыі.

Па 100 тысяч на чалавека. Някісла! Калі ехаць на цягніку, выйдзе танней – каля 60 тысяч у абодва бакі.

Але жадаючыя пакатацца на міліцэйскіх аўтобусах ужо ёсць. Першы маршрут – Белавежская пушча.

“Два чалавекі ездзілі. Ездзілі ў Белавежскую пушчу і ў санаторый пад Мінскам”, - прыгадваюць у Брэсцкай міліцыі.


Таксама ў брэсцкай міліцыі прапануюць грузавы аўтамабіль. А вось на аўтазаку, на жаль, за грошы пакатацца не дадуць.

Міліцыя ахоўвае канцэрты за грошы. У мінулым годзе кошты былі ад 40 тысяч да 110 тысяч за супрацоўніка. Усё залежыць ад звання: за радавога кошт адзін, за маёра — іншы.

 Калі ў сярэднім 50 тысяч рублёў за чалавека — значыць, ахова канцэрта будзе каштаваць каля 5 мільёнаў.

Хуткая дапамога за грошы можа перавезці хворага, калі той дрэнна перасоўваецца. Па Мінску такая перавозка каштуе 126 тысяч.

“Напрыклад, у вас ёсць сваяк, які дрэнна ходзіць, і вы яго хочаце перавезці да іншага сваяка, ці на абследаванне. Перавозяць на машыне хуткай дапамогі. Калі чалавек ужыў шмат алкаголю і яму патрабуецца дапамога, згодна з законам мы мусім аказаць яму дапамогу бясплатна”, - расказваюць на станцыі хуткай дапамогі.


То бок бадун цяпер таксама здымаюць бясплатна. А перавоз хворага сваяка абыдзецца даражэй за таксоўку.

Фота: pellets-market.ru