МЗС: Стан беларусаў, якія трапілі ў аварыю ва Украіне, здавальняючы
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.
Паводле яго слоў, 12 пацярпелых, у тым ліку чацвёра ў цяжкім стане, праходзяць курс лячэння ва ўкраінскіх бальніцах, іх жыццю нішто не пагражае, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, аварыя адбылася ўначы 21 ліпеня на 105-м кіламетры аўтадарогі Херсон — Джанкой — Феадосія — Керч каля пасёлка Каланчак. Кіроўца грузавога аўтамабіля "Форд Транзіт" з прычэпам пры абгоне выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з турыстычным аўтобусам "Сетра". У выніку аўтобус выкінула на сустрэчную паласу, у яго ўрэзаўся яшчэ адзін "Форд Транзіт", і пасля гэтага "Сетра" перавярнулася на левы бок.
Аўтобус з часткай пацярпелых беларусаў у панядзелак прыехаў у Мінск. На радзіму вярнуліся 33 чалавекі. Усіх іх агледзяць медыкі і вырашаць, ці патрэбная ім шпіталізацыя.