Музыка Атмараві падтрымаў расійскіх палітзняволеных

Беларускі музыка Атмараві выступіў на канцэрце “У падтрымку расійскіх палітзняволеных: Pussi Riot, Таісіі Осіпавай і затрыманых на Балотнай”. Канцэрт адбыўся ў санкт-пецярбургскім “ГлавКлубе” 9 верасня пры ўдзеле ДДТ, “Телевизора”, Глеба Самойлава, “Электрических партизан” і іншых расійскіх рок-музыкаў.

Па словах Атмараві, падобныя канцэрты — гэта  з аднаго боку своеасаблівы акт мастацтва, з іншага — нагода знайсці кропкі судатыкнення з калегамі па цэху.

Атмараві: “Для мяне важна было выступаць. Для мяне важна было ўбачыцца з Шаўчуком у гэтым кантэксце, калі ён мне кажа асабіста, што ён прачытаў мае каментары наконт удзелу і лічыць, што я добра апісаў сітуацыю. Важна, мне падаецца, знайсці кропкі судатыкнення, салідарнасці па розных пытаннях, няважна, якіх. На жаль, у мастацкім асяродку не часта атрымоўваецца перасекчыся на любыя тэмы. То бок, усе надта занятыя выжываннем, замест таго, каб неяк аб’ядноўвацца і абмяркоўваць свае пытанні. Нават калі такая сумная нагода”.

Як піша Атмараві ў сваім блогу, ён не знаходзіцца ў захапленні ад скандальнай акцыі Pussi Riot, аднак салідарны з панк-феміністкамі ў “спробе лібералізацыі і перафарматавання грамадства СНД”.

“Не абавязкова раздзяляць погляды тых музыкаў, выражэнне якіх падаўляюць, для таго, каб іх падтрымліваць. Таксама як і не абавязкова быць вялікімі прыхільнікам Pussi Riot і іх музыкі ці іх акцый, дзеля таго, каб падтрымліваць ці выступаць супраць занадта суровага прысуду і пакарання за саракасекундныя танцы”, — распавявёў Атмараві Еўрарадыё. Дарэчы, Pussi Riot музыка прысвяціў песню “Бунт кошек”.

Атмараві не супраць выступіць на падобным канцэрце ў падтрымку забароненых беларускіх музыкаў. Праўда, адзначае музыка, пакуль яго на такія выступы ніхто не запрашаў. Дарэчы, 28 верасня ў мінскім бары “Ё-ма-Ё” адбудзецца прэзентацыя новага студыйнага альбома Атмараві “Путь белых облаков”. Кошт квіткоў — 50 тысяч. Пачатак у 19.00.

Фота: www.atmoravi.ru