МНС зладзіў выставу пра Беларусь праз 25 год пасля Чарнобыля(фота)
У межах выставы прэзентуюць фільм з архіўнымі кадрамі.
15 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі (вул. К. Маркса, 12) адкрылася выстава, прымеркаваная да 25-годдзя чарнобыльскай трагедыі. У экспазіцыі “Беларусь. 25 год пасля Чарнобыля” можна пабачыць карціны, прысвечаныя аварыі на ЧАЭС, фотаматэрыялы пра наступствы катастрофы, а таксама гістарычныя аб’екты з забруджаных тэрыторый.
“Прадстаўленыя прадметы з калекцыі Акадэміі навук. Гэта рэчы, якія былі вывезеныя з забруджанай тэрыторыі ў экспедыцыях першай паловы 1990-х гадоў”, — распавяла Еўрарадыё супрацоўніца музея Таццяна Шкляр.



У выставачнай зале прадстаўленыя калыска, посуд, сталы з крэсламі — рэчы, што адлюстроўваюць культурную спадчыну пацярпелых у аварыі раёнаў.
Другая частка экспазіцыі — здымкі забруджаных падчас аварыі рэгіёнаў Беларусі, дзе цяпер пачынаюць адраджаць гаспадарку, кажа Таццяна.
“Фотаздымкі забруджаных тэрыторый Беларусі. Па іх можна зразумець, як адраджаецца гаспадарка, якія захады прымае дзяржава на гэтых тэрыторыях”.

Частку выставы займаюць творы Савіцкага, Федарэнкі, Кожуха ды іншых мастакоў на тэму чарнобыльскай аварыі. Акрамя таго, наведнікі могуць пагартаць выданні, фотаальбомы ды буклеты аб жыццядзейнасці пацярпелых у аварыі раёнаў.


Сярод іншага, на выставе пакажуць кінастужку “Урокі Чарнобыля”. Яна ўтрымлівае унікальныя кадры, упэўнены намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Анатоль Загорскі:
Анатоль Загорскі: “Там ёсць эксклюзіўны матэрыял, які раней не паказваўся. Белвідэацэнтр знайшоў у архівах цікавыя фатаграфіі і відэаматэрыял: інтэрв’ю з удзельнікамі ліквідацыі, з кіраўнікамі, якія працавалі на той момант у зоне радыеактыўнага забруджвання. Фільм доўжыцца 52 хвіліны”.
Фільм прэзентуюць бліжэйшым часам, а выставу можна будзе наведаць да 10 траўня.