Міністр спорта Новай Зеландыі: "Астапчук можа абскардзіць допінг-тэст..."

“Беларусь можа апратэставаць вынікі допінг-тэста. І, натуральна, яна гэта зробіць. Ёсць дзве допінг-спробы, А і Б. І беларусы могуць запатрабаваць зрабіць тэст на спробе Б. Тады сітуацыя крыху ўскладніцца. Але нават калі пачнецца гэты працэс, звычайна вынік тэста на спробе Б не адрозніваецца ад выніка тэста на спробе А. Таму залаты медаль застанецца ў Валеры Адамс”, ― сказаў у інтэрв'ю Radio New Zealand Пітэр Міскімін, кіраўнік урадавай арганізацыі Sport New Zealand.

Валеры Адамс, якая неспадзявана стала алімпійскай чэмпіёнкай у штурханні ядра, зараз трэніруецца ў Швейцарыі. Пра дыскваліфікацыю Надзеі Астапчук яна даведалася, калі кіравала аўтамабілем. У гэты час ёй патэлефанаваў шэф навазеландскай Алімпійскай місіі Дэвід Кэры. "Я была так узрушаная, што закрычала, ― цытуе Валеры Адамс Radio New Zealand. ― Я вельмі хацела, каб мая сям'я паглядзела, як я атрымліваю залаты медаль на алімпійскім подыюме. І, спадзяюся, крыху пазней цырымонію паўтораць з улікам новых вынікаў".

Фота: www.odt.co.nz.