Мінгарвыканкам прыбірае снегавіка за 210 тысяч
У студзені Мінск перамог снег, патраціўшы 24 мільярды рублёў.
“Калі былі шчодрыя снегапады, расходы па прыборцы снегу склалі 24,6 мільярда рублёў”, — гаворыцца ў лісце Мінгарвыканкама за подпісам Мікалая Ладуцькі ў адказ на тэлефанаванне Еўрарадыё на гарачую лінію.
Рабочыя “Гаррэмаўтадор Мінгарвыканкама” за студзень вывезлі з Мінску 345 тысяч кубаметраў снега. Кожны кубаметр каштуе 11 тысяч рублёў, зважаюць на прадпрыемстве.
Бярэм лічбу ў 24 мільярды, якую патрацілі ўлады горада на снег, і дзелім на вывезеныя з Мінску кубаметры. Атрымліваецца, кубаметр ў Мінгарвыканкама каштуе 71 тысячу. А ў "Гаррэмаўтадора" — толькі 11. Калі ў снежнай бабе тры кубаметры, то Мінгарвыканкамаўская заважыць на 210 тысяч, а снежная баба “Гаррэмаўтадора” — толькі на 33. Чаму ж снегавікі растаюць па-рознаму?
У “Зелянбудзе” сярэдні заробак — 2 мільёны. Калі рабочы прыбірае больш снегу — даплочваюць.
“Рабочых дастаткова на дзве-тры змены. Яны робяць сваю норму. Калі перапрацоўваюць — двайная аплата за дзень”, — кажуць у “Зелянбудзе” Цэнтральнага раёну.
Дворнікаў таксама прэміруюць за снег.
“Напрыклад, у нас дворнікі ў снежні атрымалі каля 2 мільёнаў. А ў студзені — 2,3”, — упэўніваюць у ЖЭСе.
Зарабляюць на снезе і рабочыя “Гаррэмаўтадор Мінгарвыканкама”. Атрымалі больш на 200-500 тысяч, — гавораць у эканамічным аддзеле.
“Сярэдні заробак — 2,8 мільёна. У рабочага заробак — 2-2,5 мільёны. Рабочыя, што працавалі на МАЗах і адпрацавалі па 70 гадзінаў, там ёсць і па 4 мільёны заробкі”.
Мінгарвыканкам называе сёлетнія снегавыя ападкі “шчодрымі”. Аднак сіноптыкі запэўніваюць, што летась снегу выпала ў два разы больш, а сёлетнія ападкі не перавышаюць нормы.
“Дзякуючы дарожным службам складвалася ўражанне, што снегу выключна шмат. Хаця для параўнання: летась яго было ў два разы больш”, — гавораць у гідраметэацэнтры.
А цяпер зазірнем у бюджэт Мінску на 2012 год. Аказваецца, што на тэлебачанне і радыё ідзе менш, чым на снег — 9,8 мільярдаў. Сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, горад падрыхтаваў 780 мільёнаў — гэта ў 31 раз менш за прыбраных снежных баб. Нават БРСМ (маладзёжная палітыка) прайграе снегавікам у 25 разоў. Ды гэта за адзін месяц.
Фота 1: bymedia.net