Мікіта Ліхавід пытаецца ў суда, чаму ён павінен сядзець за Плошчу-2010

У каментары БелаПАН Ліхавід распавёў, што быў на прыёме ў намесніцы старшыні суда Веранікі Абрамовіч. Аднак вусна яна не змагла нічога растлумачыць па яго справе. Таму хлопец напісаў пісьмовы зварот, на які яму павінны адказаць на працягу месяца. Копію заявы актывіст аднёс у РУУС Першамайскага раёна Мінска.

Нагадаем, што днямі ўчастковы паведаміў Ліхавіду, што ён павінен адсядзець 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года. Міліцыянт спаслаўся на пастанову суда. Пры гэтым ён растлумачыў, што падобныя справы пра арышт нібы не маюць тэрмінаў даўнасці.

У снежні 2010 года Ліхавід быў асуджаны на адміністрацыйны арышт. Потым яго справу перакваліфікавалі ў крымінальную. Хлопца прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ліхавіда вызвалілі ў верасні 2011-га на падставе ўказу пра памілаванне — у ліку 11 іншых палітвязняў.