Мадэльеры з Fashion Week “праляцелі” на квітках “Белавіі”

120425 Martin Fashion.mp3

“Мы іх рэкламавалі, указвалі ў тэлероліках, на буклетах, білбордах. Яны мусілі перавезці замежных гасцей - 12 чалавек. Гэта важныя госці: напрыклад, рэдактар украінскага “Officiel”. За некалькі дзён да пачатку тыдня моды, яны адмовіліся зладзіць пералёт на тых умовах, якія былі”, - распавядае Еўрарадыё прэс-сакратарка “Belarus Fashion Week” Алена Мельнікава.

Білеты са зніжкай замежным дызайнерам і журналістам у “Белавіі” не праставілі. А поўны кошт з Кіева да Мінска каштаваў бы рэдактару “Officiel” - 220 долараў. Дамову з дызайнерамі “Белавія” не падпісвала, цягнулі да апошняга. А арганізатары тыдня моды ўжо зрабілі 750 выхадаў рэкламных ролікаў авіякампаніі. На што разлічвалі… не зразумела.

Алена Мельнікава: “Дамову яны не падпісвалі да апошняга моманту. Мы свае рэкламныя паслугі ўжо рабілі. Бо ролікі ідуць у эфір раней. Яны казалі: ”мы падпішам дамову”. А пасля сказалі, што ўмовы змяніліся і грошай трэба больш”.


У “Белавіі” пра канфлікт з арганізатарамі тыдня моды нібыта і не ведаюць. Маўляў, тыя самі сабе навыдумвалі праблем ды яшчэ і забраніраваныя квіткі не выкупілі.

“У нас забраніраваныя квіткі. Хочуць набываюць, хочуць – не. Не ведаем, што ў іх там у галаве”, - адказваюць у “Белавіі” на скаргі дызайнераў.

Пакуль гасцей тыдня моды чакаюць забраніраваныя квіткі, яны ўжо прыляцелі ў Мінск. Арганізатары раскашэліліся на пералёт і .. скарысталіся іншымі авіялініямі.

“Мы вырашылі ўсіх прывезці сваімі сіламі, шукалі дадатковыя грошы. Цяпер усе ў Мінску, праводзяць лекцыі”, - кажа Алена Мельнікава.


Нагадаем, чацвёрты выпуск “Belarus Fashion Week” праходзіць у Беларусі з 24 па 29 красавіка. Гэта быў першы год, калі арганізатары фэсту супрацоўнічалі з нацыянальнымі авіялініямі. І другога такога не будзе, запэўніваюць яны.