Лябедзька: Замест адказу з пракуратуры мы атрымалі незразумелую адпіску

Апазіцыйныя палітыкі прапанавалі Генпракурору, а таксама старшыням Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі абмеркаваць на супольнай сустрэчы пытанні «татальнага парушэння правоў і свабодаў у Беларусі». Адпаведную прапанову ў пісьмовым выглядзе перадалі 15 ліпеня ў Генпракуратуру, Канстытуцыйны і Вярхоўны суды лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху «За свабоду» Віктар Карняенка і сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.


Еўрарадыё: Стала вядома, што вы атрымалі адказ ад генпракурора, што гэта за адказ?


Лябедзька: “З Генеральнай пракуратуры прыйшоў настолькі заблытаны адказ, настолькі не супаде са зместам нашага зварота, што я доўга не мог уцяміць, пра што ідзе гавока і з якой нагоды я гэтыю паперу атрымаў. Відавочна, што Васілевічу няма чаго нам сказаць, а слухаць непрыемнае ён не хоча”.


Еўрарадыё: Вы атрымалі адмову ў сустрэчы?


Лябедзька: Дэ-факта гэта так. Мы факычна ставілі пытанне аб сустрэчы з генеральным пракурорам, а нам далі адпіску, якая наогул не мае ніякай сувязі з нашым зваротам. Я не лічу, што гэта высокі прафесіяналізм, калі генеральны пракурор прыкрываецца чыноўнікам па прозвішчы Папоў: даюць яму загад і ён піша незразумела што і з якой нагоды”.


Еўрарадыё: Ці можаце падрабязней распавесці, што вам адказалі?


Лябедзька: “У паперцы ідзе размова пра тое, што калі ў чалавека ўзніклі нейкія прабелмы, то ён мусіць сам непасрэдна звяртацца ў пракуратуру, прычым трэба, каб гэты зварот адпавядаў пэўнай бюракратычнай працэдуры. Калі гэта не так, то яго разглядаць не будуць. Сутнасць такая. Мы не звярталіся да пракурора, каб ён расследваў нейкія канкрэтныя рэчы, бо мы канкрэтных пытанняў не ставілі ў сваім звароце”.


Еўрарадыё: Што вы будзеце з гэтай нагоды рабіць?


Лябедзька: “Цяпер мы арганізуем, каб тыя людзі, правы якіх былі парушаныя падчас вулічных акцый, накіроўвалі пісьмовыя звароты ў Генеральную пракуратуру. Няхай сядзяць яны і пішуць адказы. У любым выпаку, на кожны зварот яны мусяць даць адказ. А выснова якая? Пракуратуры ў тым сэнсе, як гэта запісана ў законе аб пракуратуры, у нас няма. Трэба прызнаць, што Генеральная пракуратура – гэта частка сілавой сістэмы, гэта рэпрэсіўны складнік. Такія адказы таксама маюць сэнс, бо калі ўзнікаюць абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі, перыядычна пасланцы ад Лукашэнка гавораць, што ў нас выконваецца закон, што ў нас працуе і суд і пракуратура, вось гэтыя адказы, гэта аргументацыя, гэта фактура, якая даказвае адваротнае”.


Еўрарадыё: Пасля такога адказу з Генпракуратуры, на які адказ вы разлічваеце з Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў?


Лябедзька: “Можа быць, што з Канстытуцыйнага суда нейкі больш-менш цікавы для нас будзе адказ. Валянцін Сукала не пойдзе на сустрэчу, я ў гэтым перакананы, бо ён ведае, што ўяўляе з сябе сённяшняя судовая сістэма і гаварыць пра гэта яму непрыемна і не хочацца”.