Лукашэнка: настаў час новага пакалення палітыкаў ва ўсіх сферах
Кіраўнік дзяржавы сёння ўдзельнічае ў паседжанні абноўленага выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
У сваім выступе Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Настаў час новага пакалення палітыкаў ва ўсіх сферах і па ўсіх накірунках. Сёння наша задача — спакойна, без усялякага шуму і гвалту прывесці да ўлады нармальных маладых палітыкаў — 40-45 гадоў, да 50 гадоў".
У сваім выступе Лукашэнка таксама запатрабаваў навесці парадак у сферы спорту, інфармуе БЕЛТА.
На сённяшнім паседжанні Ігар Рачкоўскі, былы кіраўнік Памежнага камітэта, быў абраны першым віцэ-прэзідэнтам НАК.
"Што датычыць Рачкоўскага, то тут шмат меркаванняў апазіцыянераў, якія злараднічаюць, што ён не справіўся, дык яго — у спорт. Калі б ён кепска спраўляўся са сваёй колішняй працай, то ён у кабінет да прэзідэнта не зайшоў", — цытуе словы Лукашэнкі "Интерфакс-Запад".
Віцэ-прэзідэнтамі абраныя кіраўнік федэрацыі гандболу Уладзімір Канаплёў і дырэктар "Мінск-Арэны" Мікалай Ананьеў.