Кулінковіч сыграў ролю супермэна. Памідораў незадаволены
Усё гэта справакаваў “творчы адпачынак” гурта “Йо-Йо”, які сёння дэманструецца на Еўрарадыё!
“Йо-Йо” знялі кліп на песню “Творческий отпуск”! Перад відэа стаіць глабальная мэта — падтрымаць новы альбом, што вось-вось парадуе прыхільнікаў каманды. Сцэнарыст і рэжысёр аматарскага роліка, які быў зняты год таму, — сябра гурта Саша “Небздо”. Менавіта з яго падачы апроч музыкаў “Йо-Йо” ў кліпе з’явіліся Аляксандр Памідораў і Аляксандр Кулінковіч. А што такое “творчы адпачынак” — музыкі ведаюць не на словах.
“Творческий отпуск” — гэта калі ў творчых людзей нешта не ладзіцца, - тлумачыць ідэю кліпа трамбаніст і мэнэджар “Йо-Йо” Канстанцін Карповіч. — Гітара — якую ўвесь час нехта крадзе, і якая некуды збягае — гэта муза, якая дае натхненне на стварэнне мастацтва. Кожны творчы чалавек убачыць у гэтым кліпе ў першую чаргу сябе”.
Галоўныя героі кліпа — гітара, з якой “не заладжваецца” у зорных персанажаў. Аляксандр Кулінковіч паўстае ў відэа ў вобразе супермэна. Музыка прызнаецца, што прымерыў знакаміты касцюм упершыню і адчуваў сябе ў ім даволі арганічна. Сам працэс здымак Кулінковіч успамінае з усмешкай:
“Было весела, было па-дзіцячаму, было цудоўна! Увогуле, уся творчасць гурта “Йо-йо” — яна такая ж, як гэты кліп — вясёлая і бестурботная, на мой погляд”.

Аляксандр Памідораў, паглядзеўшы гатовы варыянт відэа, застаўся не надта задаволены вынікам:
“У тым варыянце, які атрымаўся, я лічу, што маё з’яўленне там цалкам недарэчнае і я не згодны з трактоўкай. Сцэнар трэба перапісаць, а кліп зняць па-новаму”.
Тым не менш, музыкі спадзяюцца, што удзел у відэа Памідорава і Кулінковіча прыцягне ўвагу да гурта “Йо-Йо” у тым ліку і іх прыхільнікаў. У планах каманды — яшчэ два кліпы на песні з новага альбома. Ёсць надзея, што новая пласцінка з’явіцца на паліцах музычных крамаў яшчэ да канца года.