Кожны шосты выпускнік ліцэя... медаліст
Еўрарадыё знайшло выдатную навучальную ўстанову — Мінскі абласны ліцэй. Толькі льгот пры паступленні ў медалістаў няма, а настаўнікам за іх не даплачваюць.
“Планую працаваць за мяжой, можа ў ЗША. Рашаў міжнародныя тэсты, і ў мяне ўжо ёсць сертыфікат, можна будзе працаваць у міжнародных кампаніях, за мяжой”, — распавядае залаты медаліст, выпускнік Мінскага абласнога ліцэя Алег Батура.
Алег— пераможца рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. На факультэт прыкладной матэматыкі ў БДУ хлопца бяруць без іспытаў. Дзякуючы алімпіядзе вучоба для яго — халява, дзеліцца Алег:
“Гэта халяўная місія, я б сказаў. Бо вызваляюць шмат ад чаго. Тады вельмі проста вучыцца, калі атрымліваеш рэспубліканскі дыплом. Да канца году амаль нічога рабіць не трэба”.
Як даведалася Еўрарадыё, Мінскі абласны ліцэй заканчваюць адразу... 22 медалісты! З іх 12 маюць залаты медаль. Але галоўнае — гэта пераможцы алімпіяд, папярэджваюць у Мінскім абласным ліцэі. Бо медаль нічога не дае.
“Медаль сёння не дае ільготаў пры паступленні. Толькі, калі абітурыенты набіраюць аднолькавы бал. А дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе бяруць у ВНУ без іспытаў. Сёлета ў нас 10 такіх дыпломаў сярод выпускнікоў. Раней было меней”.
Медалістаў тут заўжды шмат. У 2009-м ліцэй выпусціў 24 (!) выдатнікі.
І прымусова на медаль не цягнуць, упэўніваюць у ліцэі. Дзіўна, адкуль тады такія вынікі!
“У нас прымусова не медаль нікога не цягнуць. Гэта ў некаторых школах ёсць, натуральна, трэба, каб на выпускным было каго ўзнагароджваць. Як правіла медаліст — ён і свой прадмет ведае, ён і станцуе, і спяе, і ў КВЗ паўдзельнічае. Гэта асаблівыя дзеці”, — гаворыць настаўніца фізікі абласнога ліцэя Вольга Званцова.
Ды і рыхтаваць медалістаў цяпер складаней. Бо вучні абіраюць адзін патрэбны прадмет і працуюць толькі на яго.
“Бо адукацыя зводзіцца да вузканакіраванай дзейнасці, а ўзровень агульнага развіцця ніжэйшы пры тых жа патрабаваннях. Гэта таму што дзеці матывуюцца на канкрэтныя прадметы”, — дзеліцца настаўніца рускай мовы з ліцэю Людміла Яршова.
Пасля вучобы ўладальнікі медаляў ужо ведаюць, дзе вучыцца. Ідуць па спецыяльнасцях.
“Наша аддзяленне хімія, біялогія — ідуць у Медыцынскі ўніверсітэт. Нашы матэматыкі ідуць у БДУ, і ў БДУІР. А філолагі — Лінгвістычны ці ў БДУ на філалагічны, радзей у Педагагічны — гэта сумна, канешне, калі туды”, — расказваюць у ліцэі.
За медалістаў настаўнікам не даплачваюць! А вось за пераможцу абласной алімпіяды даюць 15 базавых, а гэта — 1,5 мільёна.
Фота: pristalica.by