Кляшчы “акупавалі” газон па мінскай вуліцы Сцебянёва

120402 Martin Kle64i.mp3 

“Побач з нашым домам на Паўднёвым захадзе Мінска ёсць закінуты сад. Мы там гуляем з сабакам. І ў сярэдзіне сакавіка на яго сеў клешч, сабака захварэў, - расказвае пра сабаку Федзю журналістка Ксенія Авімава, -  У лячэбніцы паставілі кропельніцу, зрабілі уколы. Пакуль невядома, ці паправіцца”.

Па словах гаспадыні сабакі, у ветлячэбніцы заўважылі, што кляшчоў стала больш:

“Лекарка сказала, што кляшчоў стала многа, бо газоны апрацоўвалі прэпаратамі супраць кляшчоў. А цяпер - не”.

Як даведалася Еўрарадыё, кляшчоў у Мінску ўсё ж травяць. Але толькі там, дзе іх дастаткова. Калі больш, чым палова кляшча на кіламетр, пакідаюць насякомых размнажацца далей.

“Апрацоўка праводзіцца, калі кляшчоў больш чым 1 на два кіламетры. Ёсць адзін газон па вуліцы Сцебенёва, які кожны год апрацоўваецца, бо кожны год там знаходзяць кляшчоў”, - заўважаюць у санітарна-эпідэміялагічнай службе.

Знішчыць кляшчоў на газоне па вуліцы Сцебянёва ў Кастрычніцкім раёне Мінска не могуць ужо некалькі гадоў. Вельмі тыя жывучыя…

“Выкараніць кляшчоў, нават калі апрацоўваеш адно і тое ж месца складана. Пэўная частка папуляцыі захоўваецца ў глебе. Раней выкарыстоўвалі інсектыцыд “ДДТ”, ён надоўга выкараняў. А цяпер яго забаранілі, бо ён вельмі шкодны…”, - тлумачаць у эпідэміялагічным цэнтры.

Але скаргаў ад жыхароў вуліцы Сцебянёва няма, нікога не пакусалі.

У цэнтральных мінскіх парках кляшчам жыць нязручна, супакойваюць у санітарных службах. Але гэтыя насякомыя жывуць у парку Чалюскінцаў… у самым цэнтры гораду!

“ Уздоўж дарог і на дзіцячых пляцоўках кляшчоў не знаходзяць. Напрыклад, у Парку Дружбы народаў, Парку Горкага ніколі не было. У парку Чалюскінцаў, у кустоўі знаходзілі. Але не было паказчыкаў, каб апрацоўваць гэтую тэрыторыю”, - тлумачаць у санітарна-эпідэміялагічнай службе Мінска.

Як даведалася Еўрарадыё, летась у Мінскай вобласці кляшчы “пакусалі” 12 тысяч чалавек. З іх у Мінску і ваколіцах - тысячу чалавек. А 284 чалавекі падчапілі ад укусу хваробу Лайма. У Мінску – 19 такіх выпадкаў!

Фота: flickr.com