Кавалёў: Я нічога не разумеў — казаў усё, што скажуць

111006 Luka6uk Sud.mp3

Падчас допыту Уладзіслава Кавалёва, якога разам з Дзмітрыем Канавалавым падазраюць у здзяйсненні выбуха ў мінскім метро, высветлілася, што большую частку сваіх паказанняў ён даў па падказцы следчых. Паводле яго словаў, толькі выбухі ў пад’ездзе дома і ў бібліятэцы ў 2000-2002 гадах у Віцебску яны сапраўды правялі разам. Падрабязнасці іншых эпізодаў хлопцу паведамілі падчас допыта ў СІЗА КДБ.

Першая такая падказка тычыцца выбуха “расцяжкі” на дарозе непадалёк ад Віцебска.

Уладзіслаў Кавалёў: “Я даваў паказанні, што Дзмітрый мае дачыненне да выбуху расцяжкі ў раёне Грышаноў. Мне апісалі абставіны і зачытвалі нібыта прызнаўчыя паказанні Дзмітрыя па гэтым факце”.

Такім жа чынам, нібыта з прызнаўчых паказанняў Канавалава, паказаных следчым Кавалёву, той даведаўся, што шапік "Саюздрука" і машына ў двары яго дома згарэлі пры ўдзеле Дзмітрыя Канавалава. Уладзіслав кажа, што следчы схіліў яго да дачы паказанняў супраць Канавалава словамі, што таму ўсё адно горш ад гэтага не будзе.

Уладзіслаў Кавалёў: “Саюздрук” у нас згарэў каля магазіна. І я ізноў-такі даў паказанні супраць Дзмітрыя — мне расказалі аб абставінах. Мне казалі, што Дзмітрыю горш ад гэтага не будзе. Сказалі: мая справа — сказаць, а далей яны самі будуць глядзець. Яшчэ эпізод: гарэла ў нас машына — гэта было ўзімку, праўда, нават прыблізна не памятаю, у якім годзе гэта было — проста пад маім акном у двары. Машына згарэла цалкам і я таксама даў паказанні, што гэта Дзмітрый зрабіў. Падчас допыту ў КДБ пераканалі даць паказанні. Сказалі, што чым больш я скажу, тым лепш будзе — супрацоўніцтва. Што гэта ні на што не паўплывае. А заява гэтая, якую зачытвалі, яе я пад дыктоўку цалкам усю пісаў”.




Апошнія словы Кавалёва тычацца ліста, які ён 10 траўня напісаў старшыні Вярхоўнага суда. Абвінаваўцы зачыталі яго на пачатку судовага пасяджэння. У гэтым лісце Уладзіслаў прызнае сваю віну, прызнаецца, што ведаў пра ўсе выбухі, якія здзейсніў Канавалаў, пра тое, як рыхтаваліся выбухоўкі, з чаго і гэтак далей….

Самае цікавае, што, гаворачы пра "сведчанні" Дзмітрыя Канавалава, з дапамогай якіх следчыя схілілі яго да дачы паказанняў супраць сябра, Кавалёў заўважыў, што пазней гэтых прызнаўчых паказанняў свайго сябра ў матэрыялах справы ён не знайшоў. Хаця б тых, дзе Канавалаў прызнаецца ў сваёй мары стаць тэрарыстам.
Ні суддзя, ні абвінаваўцы ніяк на гэта не адрэагавалі.

Таксама Кавалёў прызнаўся, што не валодае ніякімі дакладнымі звесткамі наконт датычнасці Канавалава да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе і ў Мінску на праспекце Пераможцаў ў 2008 годзе. А тое, што мае доказы падрыхтоўкі Канавалава да выбуху 2005 года, назваў паклёпам са свайго боку на сябра.

Уладзіслаў Кавалёў: “Я казаў, што ён (Канавалаў — Еўрарадыё) мне дэманстраваў металічную пласціну, на якой былі сляды паражаючых элементаў. Нічога такога ён мне не паказваў. Проста зайшла размова (падчас допыту ў СІЗА КДБ — Еўрарадыё), маўляў, калі ўявіць, што гэты выбух ён здзейсніў, ці мог ён эксперыментаваць? І я сказаў, што мог. Але ізноў — гэта з майго боку чыстай вады абгавор Дзмітрыя. Ды я ўжо нічога не ўсведамляў — казаў усё, што скажуць! Напалоханы быў”.

Таксама цікавая акалічнасць: Кавалёў назваў Дзмітрыя Канавалава адным з лепшых сваіх сяброў. І дадаў, што такое сяброўства нараджае поўны давер паміж хлапцамі. Пры такім узроўні даверу, кажа Уладзіслаў, Дзмітрый абавязкова расказаў бы яму, калі здзейсніў выбухі ў 2005 і 2008 гадах у Віцебску і Мінску. Той жа нічога пра такое не казаў.


Дарэчы, ніводная крыміналагічная экспертыза не знайшла ні на вопратцы, ні на целах, ні ў выдзяленнях абвінавачаных, а таксама на рэчах з іх кватэр ніводнага сляда выбуховых рэчаваў. Нават блізка. У той жа час, далучаныя да справы вынікі медыцынскіх экспертыз Канавалава пацвярджаюць такую колькасць траўм і гематом, што ад аднаго іх пераліку становіцца страшна. Праўда, пракуратура сцвярджае, што збілі яго падчас затрымання, а заявы пра збіццё падчас следства не адпавядаюць рэчаіснасці.

Фота: http://fota.bymedia.net/