Кавалёва трымаюць у адзіночцы, прыкаваным да ложка?
Парадак утрымання Уладзіслава Кавалёва ў следчым ізалятары Камітэта дзяржбяспекі і парадак дазволу з ім сустрэч адпавядаюць заканадаўству.
Пра гэта заявіў начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандр Антановіч. Так ён пракаментаваў паведамленне маці асуджанага на смерць за саўдзел у тэрарызме Кавалёва. Паводле словаў жанчыны, ёй і дачцэ далі магчымасць паразмаўляць з сынам і братам 30 і 10 хвілін адпаведна, калі назначанае спатканне можа доўжыцца да трох гадзін.
Акрамя таго, Любоў Кавалёва сказала, што ў СІЗА КДБ Уладзіслаў утрымліваецца ў камеры-адзіночцы, прыкаваным да ложка. Паводле яе слоў, ускосна гэта пацвярджаюць свежыя сляды ад кайданкаў на руках сына, якія яна бачыла падчас кароткага спаткання з ім 2 снежня. Кавалёва таксама ўпэўнена, што сын пазбаўлены прагулак, інфармуе БелаПАН.