Карл Шварцэнберг: Беларусь застаецца ўдзельніцай Усходняга партнёрства

"Беларусь запрасілі на сустрэчу Вышаградскай групы і суседзяў з Усходняга партнёрства, паколькі Беларусь у прынцыпе — суседка з Усходняга партнёрства. Аднак яны адмовіліся прыехаць. Яны сказалі, што іх не запрасілі на ўзроўні міністра замежных справаў, і гэта праўда. Прычына была ў падзеях, скажам так, якія мелі месца ў Мінску. Так што яны не прыехалі. Але яны далей з'яўляюцца часткай праграмы Усходняга партнёрства", — сказаў Карл Шварцэнберг у інтэрв'ю Радыё Свабода.

Нагадаем, афіцыйны Мінск быў запрошаны на згаданую сустрэчу на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў.

У пражскай сустрэчы таксама ўдзельнічалі высокая прадстаўніца ЕС ў пытаннях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан і еўракамісар ў пытаннях пашырэння Штэфан Фюле. Была прынятая заява, у якой выказваецца заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі ды пагаршэннем адносінаў паміж Бруселем і Мінскам. Міністры краін Вышаградскай групы адзначылі, што дыялог з уладамі Беларусі можа аднавіцца толькі пры ўмове змены іх палітыкі і вызвалення ды рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.

Фота — democraticbelarus.eu