Ільготнае жыллё за 325 долараў/метр яшчэ і акупляецца!

120507 Martin Haty.mp3

Дзіўна, але квадратны метр ільготнага жылля па Беларусі каштуе як палова Айфона. Ці магчыма такое?

“Льготнае жыллё будуецца на пляцоўках, дзе не трэба нічога зносіць, пераносіць. Дазволеная рэнтабельнасць для льготнага жылля – 5%. Але ёсць і стратныя арганізацыі, ёсць стратныя дамы”, - расказваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва.

Такое жыллё ў Мінску зацягне на... 3 мільёны за квадратны метр. Рыначны кошт у некалькі разоў большы.

“Вядома, камерсанты не стануць будаваць з рэнтабельнасцю ў 5%, чытайце “Капітал” Маркса”, - раяць у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва.

Як нечакана даведалася Еўрарадыё, асноўны забудоўшчык ільготнага жылля – кампанія “МАПІД” – стратаў праз такія нізкія кошты... не церпіць.

“Рэнтабельнасць у нас невысокая. Дзе 3%, дзе 2%”, - прызнаюцца ў “МАПІДЗЕ”. І скарачаюць будаўніцтва, бо не хапае грошай.

“Пакрысе скарачаецца будаўніцтва. Тут усе праблемы і фінансаванне, і ушчыльненне. Дзяржава дапамагае, дае крэдыты людзям, а гэта ўскосна дапамагае нам”, - дадаюць у "МАПІДЗЕ".

І гэта яшчэ не ўся дапамога. Прылягаючыя да льготнага дому камунікацыі “льготнікі” таксама будуюць за кошт дзяржавы. А рыначнікі аплачваюць яе самі.

“Льготнае жыллё будуецца без затрат на інфраструктуру. Камерцыйныя забудоўшчыкі яе аплачваюць самі, выдзяляюць кватэры тым, чыё жыллё зносіцца”, - кажа старшыня рады Беларускай асацыяцыі “Нерухомасць” Мікалай Прасталупаў. І называе кошты на ільготныя метры нармальнымі, адэкватнымі даходам.

“Мы пачалі будавацца з ільготным крэдытам летась. Дом мусілі здаць яшчэ ў верасні, а здаюць толькі цяпер”, - расказвае пра сваю кватэру Крысціна.

Яны з мужам узялі льготны крэдыт на кватэру пад 5%, як маладая сям’я. Але паўгода таму спісы льготнікаў “ператрахнулі” і … крэдыту не хапіла.

“Калі мы пачалі будавацца, квадратны метр каштаваў 3 мільёны. Цяпер ён – 3,7 мільёна. Мы бралі крэдыт летась, і калі метр вырас, то нас не дакрэдытавалі, бо змяніліся ўмовы для льготнікаў”, - кажа Крысціна.

Яе двушка ў Масюкоўшчыне разам з ільготай каштуе... 23 тысячы долараў. Ды яшчэ льготны крэдыт. Для параўнання, за аднапакаёўку ва Уруччы трэба аддаць удвая больш, калі без ільготы.

Дарэчы, за І квартал гэтага году ў Беларусі пабудавалі 840 тысяч квадратных метраў для льготнікаў.

Фота: velvet.by