Гульцы мінскага “Дынама” згулялі з юнымі хакеістамі (фота+відэа)
На лёд “супраць” профі выйшаў нават сын Віктара Касцючонка.
21 лютага вучні з хакейнай школы патрэніраваліся разам з хакеістамі з мінскага “Дынама”. Віктар Касцючонак, Канстанцін Глазачаў, і Ёзэф Штумпел далі майстар-клас малодшаму пакаленню. На лёд разам з профі выйшлі дзеці 9-11-ці гадоў. Дарэчы, трэніроўка такога кшталту праводзіцца ўжо другі раз. Першая адбылася месяц таму.
“Такія мерапрыемствы прыемныя. У свой час і нам праводзілі такія трэніроўкі. Прыемна было бачыць майстраў з тагачаснай каманды “Дынама-Мінск”. Цяпер я сам у гэтай ролі. Падказваю хлопчыкам прыклады, на што варта звярнуць увагу. Лічу, што гэта цікава хлопцам, гэта зробіць іх захапленне больш мэтанакіраваным”, – мяркуе абаронца Віктар Касцючонак.
Сярод іншых патрэніравацца з дарослымі выйшаў і сын хакеіста.
“Мне падаецца, ён не хоча, каб я быў у яго трэнерам. Бо адносіны патрабавальныя. Ён ставіцца да мяне, як да бацькі і не разумее, чаму я такі строгі. Пакуль не разумее, што так трэба. Але з часам ён, мяркую, усё зразумее”, – усміхаецца Віктар Касцючонак.
Юныя хакеісты трэніраваліся ў невялікіх групах, якімі кіравалі гульцы “Дынама”: давалі парады, указвалі на памылкі.
Дзеці, якія трэніраваліся разам з Касцючонкам кажуць, што хакеіст нават часам паддаваўся.
“Ён паддаецца, часам. Нармальна патрэніраваліся, ён добры. Праўда, я з ім знаёмы толькі па гульні, а так не”, – шкадуе адзін з маладых хакеістаў.
Дзеці, якія трэніраваліся з “дынамаўцамі”, займаюцца хакеем ужо даўно, праўда, такія трэніроўкі выпадаюць не часта.
“Я пачаў займацца з хакеем з чатырох год.Сёння мая роля была – абыгрываць абаронцу і закідваць шайбу ў вароты, роля нападаючага”, – патлумачыў хлопчык са спартовай школы “Дынама”.
Чакаецца, што такія трэніроўкі стануць пастаяннай практыкай. Майстар-класы з дарослымі хакеістамі даюць дзецям вялікі досвед, упэўнены трэнер дзіцячай хакейнай школы “Дынама” Сяргей Бялоў.
Бялоў: “Ім цікава, запальваюцца вочы. Убачыцца з людзьмі, якія гуляюць у КХЛ, пагуляць на адным лёдзе, паглядзець, што яны робяць, як выконваюць практыкаванні. Цяпер гэта праходзіць пад эгідай КХЛ. Першы раз проста школы арганізоўвалі”.
Трэнер упэўнены, што такія трэніроўкі падыходзяць для дзяцей любога ўзросту. Асабліва для тых, хто ўжо ўдзельнічае ў чэмпіянатах Беларусі. Дзякуючы гэтаму, юныя хакеісты бачаць сваю мэту, кажа Сяргей Бялоў.
Пасля трэніроўкі юным гульцам уручылі граматы, а вядомыя хакеісты раздалі аўтографы.









