Год таму КДБ вынес тэхніку з офіса Еўрарадыё (фота)

Ператрус праходзіў у святочны дзень пры адсутнасці супрацоўнікаў радыё. Паведамленне пра гэта з’явілася на адным інтэрнэт-форуме. Калі намеснік галоўнага рэдактара карпункта Віталь Зыблюк прыехаў у офіс, то сустрэў на лесвіцы людзей, якія выносілі тэхніку.

Па іх словах, яны не здолелі датэлефанавацца ні да каго з радыё, таму канфіскацыю праводзілі без супрацоўнікаў ЕРБ. Дзверы ім адчыніў вахцёр будынка, дзе здымаецца офіс. Копію пратакола супрацоўнікі КДБ даць адмовіліся, яе ўдалося ўзяць у інжынера ЖРЭА, які быў панятым. У паперах аб канфіскацыі значыліся 43 пункты. Гэта камп’ютары, дыктафоны, відэакамеры і сотавыя тэлефоны, а таксама некаторыя дакументы.

Нічога з канфіскаванага дагэтуль не вернута. На запыт Еўрарадыё, які падаваўся некалькі месяцаў таму, у КДБ адказалі, што тэхніка будзе вернута пасля правядзення ўсіх неабходных следчых мерапрыемстваў.