Германія заплаціць за ахову беларускіх ядзерных установак

120516 Martin Sosny.mp3

За “мадэрнізацыю сістэмы фізічнай аховы Інстытута ядзерных даследаванняў — Сосны” будзе плаціць Германія. Гэта вынікае з пагаднення за подпісам прэм’ера Мясніковіча. Новыя камеры, сістэмы выяўлення і асвятленне — на гэта немцы дадуць 2 мільёны еўра.

“Навошта нам будаваць за свае грошы, калі можна за чужыя”, — адказваюць на пытанне Еўрарадыё ў адміністрацыі інстытута “Сосны”.

Еўрарадыё вырашыла пабачыць, ці такая старая сістэма аховы ў "Соснах"? Тэрыторыя інстытута абнесеная бетонным плотам у чалавечы рост па перыметры. Над плотам — бліскучы калючы дрот. Відаць, новы. Брэху сабак не чутна.

Агароджа вакол Інстытута ядзерных даследванняў "Сосны"

І калючы дрот на плоце

Вышак і камераў назірання не бачна, а патрапіць на тэрыторыю можна толькі праз будынак інстытута.

Уваход у інстытут "Сосны"

На ўваходзе — турнікеты, пускаюць, толькі калі ёсць пропуск. Адразу заўважныя двое міліцыянтаў з аўтаматамі. Ахоўваюць.

“Любая тэхніка патрабуе мадэрнізацыі. Гэта не тое, што яны латаюць нейкую дзірку, — а ў дадатак да цяперашняй. Сённяшняя сістэма працуе з 1996 года. Абнаўлялася апошні раз толькі ў 1999-м”, — расказвае супрацоўнік аховы інстытута.

Ён не можа прыгадаць, каб на тэрыторыю інстытута залазілі сталкеры ці дыгеры. Але ў інтэрнэце Еўрарадыё нечакана знаходзіць фотаздымкі з “Соснаў”. На іх і аб’екты… камунікацыі. Рэжымны аб’ект!

“Зацікавіліся менавіта намі. Бо мы адзіны аб’ект такі, дзе ёсць ядзерныя ўстаноўкі. Таму ў мэтах бяспекі яны вырашылі з намі супрацоўнічаць. Каб палепшыць сістэму аховы, патрэбныя вялікія сродкі. У дзяржавы, пэўна, такіх сродкаў няма”, — тлумачаць у “Соснах”.

Здаецца, дзіўна, калі краіна, якая будуе АЭС, не можа за свае сродкі пабудаваць сістэму аховы ў Інстытуце ядзерных даследаванняў, які, дарэчы, гэтай АЭС займаецца. У Мінэнерга даюць сваё тлумачэнне.

“Гэта пытанне “Соснаў”, бо там ёсць ядзерныя матэрыялы. Так, яны будуць паляпшаць, бо гэта неабходна, але з будаўніцтвам АЭС гэта ніяк не звязана, гэта розныя рэчы”, — кажуць у дэпартаменце па ядзернай энергетыцы Мінэнерга.


Але і АЭС будуем таксама не за свае сродкі, як і сістэму фізічнай аховы на будучай станцыі.

“Гэта прадмет генеральнага кантракту, які рыхтуецца толькі. Таму — як дамовяцца Беларусь і Расія, так і будзе. У нас Расія выдзяляе крэдытныя рэсурсы”, — расказваюць у дэпартаменце па ядзернай энергетыцы.

Нагадаем, на будаўніцтва АЭС у Астраўцы Расія выдзяляе крэдыт у 9 мільярдаў долараў. А Германія дае 2 мільёны еўра ў якасці “міжнароднай тэхнічнай дапамогі” на “Сосны”.

Фота 1: soyuzsp.ru