“Фляус и Кляйн” запісалі шакаладны альбом з раялямі і трубамі
Выдаваць дыск гурт плануе ў Маскве, куды пераязджае жыць.
Пераможцы “Басовішча-2007” гурт “Фляус и Кляйн” запісалі дэбютны альбом, папярэдняя назва якога – “Говорящий вакуум”. Праца над дыскам вялася цягам двух гадоў на студыях Кіева, Мінска і Масквы. Па словах бас-гітарыста каманды Аляксандра Вернага, альбом атрымаўся незвычайным, бо да “фляўсаўскіх” інструментаў дадаліся раялі і трубы.
Аляксандр Верны: “Ён атрымаўся даволі-такі аб’ёмным, таму што мы выкарыстоўвалі шмат усяго. Напрыклад, калі мы выступаем, у нас гучаць барабаны, бас, лідар-гітара і Сярога часам дадае, дык на альбоме мы выкарыстоўвалі раялі, струнныя, духавыя. Ён атрымаўся некалькі нечаканым ад нас, бо там аранжыроўкі ўсе не такія, як звычайна”.
Альбомам, які будзе складацца з 10 песень і некалькіх радыёэдзітаў, музыкі задаволеныя. Асабліва падабаецца хлопцам яго сырое англійскае гучанне.
Аляксандр Верны: “Мы задаволеныя. Увогуле задаволеныя запісам інструментаў, гучаннем. Менавіта так атрымалася, як мы і планавалі – па-англійску. Менавіта сырое, класнае, яркае гучанне. Жывое”.
Лідэр “Фляус и Кляйн” Сяргей Валодчанка называе альбом “шакаладнай песняй” і ў характэрнай для сябе філасофскай манеры апісвае яго вобразны строй.
Сяргей Валодчанка: “Альбом пра тое, як хвалі пачынаюць танцаваць па берагах, расплёсквацца, рабіцца фантанамі, пра ззянне, якое ходзіць плямамі ў розных месцах, і вакол яго злятаецца шмат матылькоў. Таму што матылькі любяць, калі светла і калі цёпла. І чалавечкам трэба, каб было цёпла і светла, таму што святло дае цяпло і энергію. А чалавечкам гэта неабходна. Пра цэнтр Сусвету альбом, пра тое, як адтуль з’явіліся хвалі, і як усё пачало расці і жыць. Бо дагэтуль усё было змерзлае, а калі змерзлае ўсё – няма калавароту вады ў прыродзе. Увогуле, альбомы – гэта шакаладная песня. Мы спяваем шакаладную песню, яна салодкая і дае энергію – шакаладка. Мне вось падабаецца шакаладка тым, што яна складаецца з плітак для таго, каб можна было ёй з некім падзяліцца”.
Выдаваць альбом “Фляус и Кляйн” збіраюцца на сур’ёзным маскоўскім лейбле, з якім акурат цяпер вядуцца перамовы. Да таго ж гурт цягам бліжэйшага месяца пераязджае жыць у Маскву. Паводле Аляксандра Вернага, расійская сталіца для гурта – плацдарм, які дазволіць выйсці на новы ўзровень.
Аляксандр Верны: “Калі браць Маскву як пачатковы этап, дык чаму не? Чаму людзі так баяцца, рабіць такі крок – у Маскву, мы не баімся. Чаму Маскву мы абралі? Таму што насамрэч, цэнтрам усяго гэтага “зла” і “цэнтрам свету” ў СНД з’яўляецца Масква. Таму што калі ты ў Маскве, дык цябе пачынаюць ведаць ва ўсім СНД – ва Украіне, у Беларусі, дзе заўгодна. Масква ў гэтым плане задае тэмп”.
“Фляус и Кляйн” хочуць стаць сусветнай камандай, таму пастаянна знаходзяцца ў “працэсе гарэння”.
Аляксандр Верны: “Мы робім матэрыял, расцем. Галоўнае, што мы не спыніліся ў развіцці. Мы рухаемся. Ёсць 2 працэсы – гніення і гарэння. У нас працэс гарэння. У нас няма застою і таптання на месцы”.
Выступаў у Мінску гурт пакуль не плануе, затое актыўна канцэртуе па Украіне, дзе грае ў вялікіх прэстыжных клубах.

Фота: www.generation.by