Фэст "Вольнае паветра" падвядзе вынікі пяцігадовай гісторыі
А таксама пабудуе новую сцэну і пазнаёміць беларусаў са свежымі музычнымі калектывамі.
У 2020 годзе міжнародны фестываль этна-музыкі “Вольнае паветра” можа прайсці на аэрадроме “Баравая” пры 20 тысячах наведвальнікаў. Пра гэта заявіў арганізатар фэсту Уладзімір Шаблінскі падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай пяцігоддзю адной з галоўных этнічных імпрэз Беларусі. Але пры ўмове, падкрэсліў Уладзімір, што беларусам гэта будзе патрэбна.
Уладзімір Шаблінскі: “Фестываль вырас, ён расце знутры, адбываецца нарастанне яго якасці, якая можа ў любы момант пашырыцца на любую тэрыторыю. То бок, вялікі фестываль “Вольнае паветра”. Вось, напрыклад, “Вольнае паветра” 20-га года я бачу з колькасцю гледачоў у 20 тысяч чалавек — гэта абсалютна рэальна. І яго абсалютна рэальна можна будзе праводзіць на той жа "Баравой", калі мы ў той час падумаем, што нам гэта патрэбна”.
Сёлета “Вольнае паветра” пры спрыяльных умовах надвор’я плануе прыняць каля паўтары тысячы гледачоў. Традыцыйна на фэсце будуць задзейнічаныя дзве сцэны. На адной з іх сыграюць гурты, сярод якіх – Kriwi, Di Grine Kuzine, Троіца і іншыя. Другая сцэна — якая акурат будуецца ў двары Шаблей і мусіць змяніць гукавы паток з хутара — прыме дыджэяў з розных краін і зможа працаваць усю ноч. Клуб-гумно, у якім дагэтуль ладзілі свае сэты дыджэі, пераўтворыцца ў кінатэатр, дзе ўсю ноч можна будзе глядзець этнічныя відэа. Як і ў мінулым годзе, наведвальнікаў чакае чэмпіянат па кіданні каровіных лепяхоў і іншыя забавы. На сённяшні дзень квіткі на “Вольнае паветра” каштуюць 80 тысяч. Бліжэй да 25 жніўня кошт квіткоў дасягне 100 тысяч рублёў. Фестываль “Вольнае паветра” пройдзе пры падтрымцы парфюмерна-касметычнай фабрыкі “Сонца” і Інстытуту імя Гётэ ў Мінску.
На фота: адказны за музычную частку фестывалю прадзюсар Аляксандр Багданаў, гаспадар Шаблёў і арганізатар Уладзімір Шаблінскі і прадстаўнік Інстытуту імя Гётэ Ігар Куксін.
Старонка фэсту ў Фэйсбук: www.facebook.com/VolnajePavetra?ref=ts