Двубой тайбаксёраў Гуркова і Хынынэна не паказваюць з-за крыві? (фота)
Паўфінальнае шоў Thai Fight прайшло ў Тайландзе яшчэ ў нядзелю 25-га лістапада.
У вагавай катэгорыі 70 кг беларус Віталь Гуркоў выйшаў у рынг супраць фіна Антэра Хынынэна.
Па незразумелых пакуль прычынах відэа паядынку дагэтуль не выстаўлена ў Інтэрнэт. А паядынак выглядаў так: ужо ў першым раўндзе Гуркоў зрабіў фіну рассячэнне галавы локцем. Але двубой не спынялі. Тайскі фаварыт іншага паўфінала Буакаў Пор Прамук не змог завяршыць свой двубой супраць японца накаўтам. Верагодна двубой Гуркоў-Хынынэн не спынялі, каб беларус не выглядаў на тле тайца больш выгадна.
У выніку фін атрымаў яшчэ два рассячэнні ад Гуркова. Рынг залівала крывёю, а паядынак усё не спынялі, ён працягнуўся да канца, і Гуркоў атрымаў відавочную перамогу.
У іншай вагавай катэгорыі (67 кг) будзе таксама беларуска-тайскі фінал. Андрэй Кулебін у звышцяжкім паядынку перамог бразільца і выйшаў на знакамітага тайскага прафесіянала Сінгмані.
Фіналы пройдуць у Бангкоку напярэдадні каталіцкіх Калядаў.