Дамы калоніі Варбурга ў Брэсце закансервавалі на зіму (фота)

Цяпер дзверы і вокны пазасталых шасці дамоў забілі дошкамі і шчытамі. Некаторыя брэстаўчане звязваюць прыпыненае разбурэнне з нядаўнім (на пачатку снежня) візітам у Брэст дэлегацыі з ізраільскага горада Ашдод і магчымым партнёрствам Брэста і Ашдода. Маўляў, лепшага месца для ізраільцянаў і шукаць не трэба.

У аддзеле культуры Брэсцкага гарвыканкама гэтага не пацвердзілі, але і не абверглі. Умацаванне на зіму вокнаў і дзвярэй выселеных дамоў называюць “штатным мерапрыемствам”. Супрацоўніца гарвыканкаму кажа, што праверыць сітуацыю на месцы прыязджаў чыноўнік з Мінску.

Нагадаем, 12 двухпавярховых драўляных дамоў на 1-м Мінскім завулку былі ў 1920-я гады пабудаваныя для бедных габрэйскіх сем’яў на грошы сусветнай дабрачыннай арганізацыі "Джойнт". Квартал назвалі ў гонар старшыні "Джойнта" Фелікса Варбурга. Брэсцкія ўлады вырашылі знесці калонію. Яны не пярэчаць яе захаванню, аднак спасылаюцца на адсутнасць грошай для рэканструкцыі.