Чэргі легкавушак на мяжы Беларусі і Літвы расцягваюцца на 5 кіламетраў

У выхадныя на беларуска-літоўскай мяжы ўтвараюцца вялізныя чэргі. Беларусы, якія ездзяць у шопінг у Вільню скардзяцца, што стаяць даводзіцца па 5-9 гадзінаў. Прычым у апошні час на мяжы заўважна павялічылася колькасць машын з літоўскімі нумарамі. Так, у мінулыя выхадныя карэспандэнт Еўрарадыё патрапіў у чаргу, якая з літоўскага боку расцягнулася на 5 кіламетраў!


“Не сакрэт, што у Літве і Беларусі вялікая розніца ў цане на паліва, – патлумачылі Еўрарадыё супрацоўнікі памежнага пераходу Каменны Лог. –Супрацьзаконнага нічога няма, яны прыязджаюць, заліваюць поўны бак і выязджаюць, з-за гэтага і чэргі. Да таго ж у пятніцу ўвечары вялікія чэргі, калі людзі едуць да сваякоў”.


Самы танны бензін у Літве – 95-ы. Ён каштуе, прыкладна, 1,87 долара за літр. У Беларусі жыхары суседняй краіны закупляюць 92-і, які на 1 долар танней. Такая ж розніца і ў коштах на “салярку”. Да таго ж абмежаванняў на ўвоз паліва ў Літву няма, таму многія закупляюць паліва і на продаж.


У выніку ўтвараюцца і чэргі. Асабліва яны павялічваюцца напярэдадні святаў. Як распавёў начальнік прэс-службы Смаргонскай памежнай групы Аляксандр Колабаў, у пікавыя гадзіны з беларускага боку выстройваецца каля 100 машын. А з літоўскага боку ў мінулую суботу карэспандэнт Еўрарадыё налічыў больш за 170 аўтамабіляў!


Каб не трапіць у такую пастку, памежнікі раяць ехаць або ў будныя дні, або з самай раніцы, хаця ў такім выпадку можна трапіць на перазменку, кажа Аляксандр Колабаў.


Колабаў: “У восем гадзінаў перазменка нарадаў. Атрымліваецца ў гэты час будзе ўтварацца чарга. А самы час пік на мяжы ў пятніцу ўвечары і ў суботу ранкам”.


З літоўскага ж боку чэргі ўтвараюцца таксама ў пятніцу, а пік прыпадае на вечары суботы і нядзелі.
З-за вялікіх чэргаў памежнікі Беларусі і Літвы плануюць захады, каб разгрузіць рух аўто на мяжы. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў начальнік прэс-службы памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.


Цішчанка: “Вядзецца праца з суседнім бокам, каб павялічыць прапускную здольнасць за кошт павелічэння зменаў, павелічэння колькасці абсталявання. У перспектыве плануецца мадэрнізацыя і павелічэнне колькасці палос руху”.

 
Таксама ёсць цікавасць вывесці спрошчаныя пункты пропуску ў статус міжнародных. Але тое вымагае мадэрнізацыі гэтых пунктаў, дадае Цішчанка.

Фота:www.tamognia.ru