Былы суддзя не змог у судзе даказаць сваю невінаватасць
Юрыст, які праславіўся крытычным запісам у кнізе скаргаў Рагачоўскага суда, ужо пяць гадоў безвынікова змагаецца з судовай сістэмай.
Сёлета пракуратура ў чарговы раз вырашыла перагледзець яго справу.
Пяць гадоў юрыст са Жлобіна Сяргей Ярашэвіч безвынікова спрабуе
даказаць, што не здзяйсняў злачынства, у якім яго абвінавацілі і за якое
асудзілі калегі з мясцовага суда. Як расказаў Еўрарадыё Сяргей, у гэтым
жа Жлобінскім раённым судзе ён адпрацаваў пяць гадоў, і яшчэ сем —
адвакатам. Але калі трапіў на лаву падсудных сам, то даказаць сваю
невінаватасць не здолеў.
Усё пачалося з заявы былога міліцыянера, які сцвярджаў, што адвакат яго збіў.
Сяргей Ярашэвіч: “Напісаў
на мяне заяву, што я, праязджаючы па вуліцы Жлобіна, выскачыў з машыны,
ударыў яго два разы і з месца здарэння з’ехаў. Згодна з яго заявай, я
яго пабіў а 17 гадзіне 15 ліпеня 2005 года”.
Ярашэвіч прызнае, што менавіта ў гэты час сапраўды праязджаў у тым
месцы, якое пазначана ў заяве. Але ж сцвярджае, што не спыняў машыну і
нікога не біў. Доказам таму магла б стаць выпіска з бальнічнай карткі
“пацярпелага”. Згодна з ёй, па медыцынскую дапамогу той звярнуўся ў
паліклініку а 22 гадзіне. І дактарам сказаў, што траўмы атрымаў у
бытавых умовах дзве гадзіны таму. Атрымліваецца, што збілі яго а 20
гадзіне, а не а 17, як ён напісаў у заяве ў міліцыю.
Апроч таго, з “пацярпелым”, былым супрацоўнікам мясцовай міліцыі, у
адваката даўно былі далёка не сяброўскія адносіны, Ярашэвіч называе яшчэ
адну прычыну з’яўлення гэтай заявы.
Сяргей Ярашэвіч: “Працуючы
адвакатам Жлобінскай юркансультацыі, я абараняў хлопца, які збіў
жлобінскага міжрайпракурора. І праз гэта ў мяне пачаліся праблемы. Мяне
выклікалі ў аддзел міліцыі і сказалі: “Вы пакрыўдзілі нашага пракурора, і
ён прасіў любымі сродкамі прыцягнуць вас да якой-небудзь адказнасці,
каб пазбавіць адвакацкай практыкі”. А я сказаў, што са мной чалавек
заключыў пагадненне і я павінен яго абараняць”.
Сведкамі
супраць Ярашэвіча на судзе выступіла былая жонка “пацярпелага” і
мужчына, які адгукнуўся на абвестку аб пошуку сведкаў здарэння. Але
падчас суда той ад сваіх паказанняў адмовіўся.
Сяргей Ярашэвіч: “Знайшоўся
сведка, які прызнаўся потым: “Сяргей Дзмітрыевіч, ваш фотаздымак мне
паказалі і сказалі, што гэтага чалавека трэба “зрабіць”, ён міліцэйская
"шасцёрка", ён шмат нашых людзей пасадзіў. Але на судзе гэты сведка
сказаў: “Паважаны суд, я абгаварыў гэтага чалавека, я не ведаў, што ён
працуе адвакатам”.
Праўда, ні на непаразуменні з часам
здарэння, ні на прызнанні гэтага сведкі суд увагі не звярнуў. І яшчэ:
следства па здзяйсненні Ярашэвічам дробнага хуліганства вялі не мясцовая
міліцыянеры, як тое мусіла быць, а следчы Рагачоўскай пракуратуры. У
выніку суд Рагачова прысудзіў адвакату 3 мільёны штрафу і адхіліў яго ад
працы ў юркансультацыі.
Ужо былы адвакат напісаў скаргу ў
абласны суд. Справу накіравалі на перагляд … ізноў у Рагачоўскі суд, які
пакінуў прысуд без зменаў. Абражаны юрыст раскрытыкаваў у кнізе
водгукаў суда суддзяў, якія разглядалі яго справу. За што ізноў
паплаціўся.
Сяргей Ярашэвіч: “Суддзі напісалі на мяне
заяву: маўляў я іх абразіў падчас судовага разгляду справы. Пракурор
імгненна распачынае крымінальную справу паводле артыкулу 381 і
накіроўвае справу ў Светлагорскі суд, які дае мне два гады папраўчых
прац за знявагу суддзі падчас ажыццяўлення правасуддзя”.
Абласны
суд пасля лінгвістычнай экспертызы гэты прысуд адмяніў, але штраф за
першае “правапарушэнне” пакінуў у сіле. Ярашэвіч жа вырашыў грошы не
плаціць, а ўзяўся даказаць сваю невінаватасць. Тым больш, што і першая
сведка, былая жонка “пацярпелага”, адмовілася ад сваіх паказанняў і
прызналася, што агаварыла адваката.
Сяргей Ярашэвіч: “Пасля гэтага я звярнуўся да старшыні
абласнога суда, чатыры разы быў у Вярхоўным судзе, даказваў, што я не
здзяйсняў гэтага злачынства і што ўказваў на тыя супярэчнасці, якія ёсць
нават у матэрыялах справы. У выніку — адказ: усё правільна, усё
законна. Я звяртаўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, Службу бяспекі,
неаднаразова на імя самога прэзідэнта дасылаў тэлеграмы, звяртаўся да
дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад нашай Жлобінскай выбарчай акругі”.
Але,
кажа, усё безвынікова — адусюль атрымліваў адпіскі. А тое, што сведкі
прызналіся ў ілжы падчас суда, нікога не хвалюе. З Адміністрацыі ж
адказваюць, што не маюць права ўмешвацца ў кампетэнцыю суда.



Цяпер справу Сяргея Ярашэвіча ў чарговы раз правярае пад кіраўніцтвам старшага памочніка пракурора Андрэя Анушкі Жлобінская
міжрайпракуратура. Згодна з яго словамі, гэтая справа заблытаная, але,
маўляў, яны паспрабуюць яе разблытаць і прыйсці да нейкай высновы.
Андрэй Анушка: “Разглядзім усё аб’ектыўна, і рашэнне яму паведамім. Я не магу сказаць пра яго (Ярашэвіча — ЕРБ)
ні дрэннае, ні добрае. Расказваць пра гэтую справу можна гадзінамі, але
інфармацыя павінна быць аб’ектыўная. Тут сапраўды гісторыя заблытаная, з
барадой, доўгая, і перыпетыі гэтай гісторыі маюць глыбокія карані. І
разбірацца ў ёй яшчэ доўга і грунтоўна. Няхай чакае — і вынік будзе, да
якой-небудзь высновы мы прыйдзем”.
Памочнік пракурора
прызнаў, што ў Ярашэвіча ёсць падставы быць незадаволеным і судом, і
следствам. Але паабяцаў, што разбірацца ў справе будзе без прадузятасці.
Фота Змітра Лукашука