Больш за 1000 брэстаўчан падпісаліся ў дапамогу іншагароднім студэнтам
У Брэсцкі гарвыканкам былі перададзены подпісы пад заявай павысіць ім кампенсацыю за арэнду жылля.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў сябра моладзевай ініцыятывы "Аазіс" Сяржук Кавалько.
Кавалько: "Цяпер у нашай краіне існуе сістэма кампенсацыі за арэнду жылля для іншагародніх студэнтаў. Гэта працэдура вельмі складаная, а кампенсацыю атрымліваюць адзінкі. Па вобласці яе атрымалі 4 чалавекі: трое студэнтаў у Брэсце і адзін у Баранавічах".
Галоўнае патрабаванне зварота да гарадскога кіраўніцтва — павышэнне кампенсацыі да 300 тысяч беларускіх рублёў. Зараз яна складае 2 базавыя велічыні (70 тысяч). Зняць пакой у Брэсце за такія грошы проста не магчыма. Акрамя таго ў новым навучальным годзе працэдуру чакалі змены: цяпер для яе атрымання трэба мець дамову з уласнікам жылога памяшкання. Ні для каго не сакрэт, што большасць гаспадароў пазбягаюць гэтага, каб не плаціць падатак. У іншым выпадку плата за жыллё, зразумела, павышаецца, што сказваецца на ахвотнасці студэнтаў там засяліцца. Таму складальнікі заявы таксама патрабуюць вярнуць былы парадак выплаты.