Беларусы спяшаюцца разысціся, бо развод падаражэе ўтрая!
З 1 красавіка скасаваць шлюб будзе каштаваць ад 300 да 500 тысяч. У судах — чэргі.
У студзені на кожныя 1000 шлюбаў прыходзілася... 930 разводаў. Гэта на 15% больш, чым летась.
“Большасць піша: муж п’е, не дае грошай. Ёсць калі асуджаныя на 8-10 гадоў, разводзяцца. Ёсць бытавыя скандалы. Жыць няма дзе”, — такія прэтэнзіі агучваюць адзін да аднога па версіі суда Завадскога раёна Мінска.
“Большасць піша: муж п’е, не дае грошай. Ёсць калі асуджаныя на 8-10 гадоў, разводзяцца. Ёсць бытавыя скандалы. Жыць няма дзе”
У дзень сюды прыходзіць разводзіцца да 10 чалавек. І тут жа нечакана ў судзе выдаюць галоўную прычыну: у красавіку развод падаражэе!
Супрацоўніца суда: “Натуральна, гэта павелічэнне базавай велічыні. Хто сумняваўся, вырашыў паспець да падаражання”.
Цяпер скасаваць шлюб каштуе 105 тысяч, калі гэта першы развод. Калі другі — 175 тысяч. А са зменай базавай велічыні развод падаражэе ўтрая!
“На першае красавіка пошліна будзе 300 тысяч, калі гэта другі шлюб — 500 тысяч”, — удакладняюць у судзе Першамайскага раёна Мінска.
Многія, хто год-два таму развёўся, прыходзяць афармляцца зараз.
Затое ў красавіку ў судах чакаюць зацішша. Бо мужу з жонкай стане дорага адно аднога разводам пужаць.
“Ва ўсялякім разе папужаць адно аднога ўжо не пойдуць. А то пасварацца — і ў суд!” — гавораць у судзе Ленінскага раёна Мінска.
Людзі жывуць разам год-два, пасля разводзяцца.
“Шмат і маладых, без дзяцей. Хто год, хто два разам пажылі. Шмат і тых, хто выхаваў паўналетніх дзяцей, хто ўжо даўно ў шлюбе”, — гаворыць супрацоўніца суда Ленінскага раёна Мінска.
Музыкант Васіль з Мінску пражыў з жонкай 6 гадоў. Дачцэ Лізе 4,5 гады. Тыдзень таму развяліся. Спяшаліся да падаражання.
Васіль: “Мусіць падняцца базавая велічыня. Таму, калі ёсць магчымасць цяпер развесціся, то чаму не?”
У першым месяцы 2012 года на кожныя 1000 шлюбаў прыходзілася 930 разводаў. За студзень ажаніліся 3,5 тысячы пар, а развяліся 3,3 тысячы — перадае Белстат.
Паводле статыстыкі большасць жанчын разводзяцца ва ўзросце 25-29 гадоў. Мужчыны — у 30-34. Большасць мужчын жэняцца ў 26 гадоў, жанчыны — у 24. Большасць пар разводзіцца пасля 5-9 гадоў сумеснага жыцця.
Фота: uristyiadvokaty.ru