"Беларусбанк" зніжае стаўку па валютных крэдытах да 10%
А "Прыёрбанк" пераводзіць валютныя крэдыты ў рублёвыя па курсе абменніка.
Еўрарадыё сабрала ўсе антыкрызісныя банкаўскія прапановы тым, хто сёння выплочвае валютныя крэдыты.
“Напрыклад, запазычанасць па крэдыце — 1 тысяча долараў . Штомесяц трэба плаціць 100 долараў. 100 долараў мы пераводзім паводле курcу абменнага пункта. То бок тое, што кліент мусіць пагасіць, ён гасіць у рублях паводле курсу абменніка”, — тлумачаць у "Белінвестбанку".
У "БПС-банку" крэдыт нельга выплачваць у рублях. Але можна падоўжыць тэрмін выплат, калі дазволяць. Бо штомесячныя выплаты не могуць быць больш за 85% вашага заробку.
“У залежнасці ад мэты крэдыта магчымая пралангацыя — павелічэнне тэрміну пагашэння. Адпаведна, зменшыцца сума штомесячных выплат. Напрыклад, на пакупку аўто і спажывецкія патрэбы тэрмін падаўжаецца на 3 гады. На нерухомасць — на 5 гадоў”.
Таксама, каб пагасіць валютны крэдыт, можна набыць долары, калі тыя будуць у абменніку банка.
“Банк, па мажлівасці, можа прадаць за рублі валюту на пагашэнне бягучага плацяжа — пры ўмове, што яна будзе ў касе. А вось на ўвесь крэдыт набыць валюту нельга”.
Як даведалася Еўрарадыё, "Беларусбанк" можа падоўжыць тэрміны выплаты на 3 і 5 гадоў. Можа пагасіць штомесячную выплату беларускімі рублямі па курсе ў банку. Таксама ў банку зніжаная працэнтная стаўка па валютных крэдытах.
“У нас зніжаная стаўка па валютных крэдытах да 10%. Раней былі і 14%, і 16%”.
Калі бралі доларавы крэдыт у "Трастбанку", яго можна пагасіць у беларускіх рублях. Для гэтага трэба падпісаць дадатковую дамову. Але калі, напрыклад, па крэдыце вам засталося выплаціць 2 тысячы долараў, то ў беларускіх рублях...
“…гэта будзе 13 мільёнаў, бо курс на сёння 6,5 тысяч рублёў”. Але застаецца “валютная” працэнтная стаўка, што таксама выгодна.
У "Прыёрбанку" валютныя крэдыты не выдаюць са студзеня 2009 года. Але тыя, у каго крэдыты былі доўгатэрміновыя, могуць замяніць іх на рублёвыя.
“Мы афармляем заяўку, цягам трох гадзін яна разглядаецца. Потым адкрываецца новая крэдытная лінія, закрываецца старая — і чалавек аплочвае ўжо у рублях”.
Уявім, што ў вас быў валютны крэдыт у "Прыёрбанку" на нерухомасць, па якім засталося выплаціць 2 тысячы долараў.
“Калі 2 тысячы, то штомесяц трэба будзе плаціць 450 тысяч рублёў. Калі перавесці ўсю суму па сённяшнім курсе, атрымаецца 10 мільёнаў 258 тысяч. Суму мы пераводзім па курсе 5129 на сёння”.
Еўрарадыё падлічыла, што на гэтай “крэдытна-валютнай” аперацыі, калі пералічыць крэдыт паводле курсу "чорнага" рынку (7.500 рублёў), ён таннее з 2 тысяч да 1367 долараў.
фота: torange.biz