Футбольныя фанаты "Партызана": Нас жорстка збілі амапаўцы
Здарэнне адбылося 20 красавіка, калі фанаты ехалі на матч у Асіповічы.
Пра выпадак фанаты распавялі на старонцы клуба ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте".
Па словах хлопцаў, яны ехалі з Мінска на матч электрычкай у суправаджэнні міліцыянтаў. На станцыі "Вярхі" фанаты выйшлі з цягніка, каб дачакацца сваіх таварышаў. Міліцыянты пакінулі электрычку на прыпынак раней, але папярэдзілі, што да Асіповічаў фанатаў будуць суправаджаць іншыя супрацоўнікі.
Пакуль хлопцы чакалі на станцыі "сваіх", да станцыі пад'ехала машына. Міліцыянты, якія былі ў ёй, заявілі, што ў Асіповічы заўзятары паедуць на аўтобусе. Аднак з абяцанага аўтобуса на фанатаў выскачылі амапаўцы, якія жорстка збілі хлопцаў. Па словах фанатаў, іх зацягнулі ў аўтобус, дзе жорстка збівалі, скакалі ім па галовах і спінах.
Фанаты кажуць, што потым іх змусілі напісаць тлумачальныя, што ні да каго не ўжывалася фізічная сіла.
Еўрарадыё паспрабавала атрымаць каментар у міліцыянтаў, але пакуль што не атрымала ніякага адказу.
Фота — voskresensk.ru