Алег Хаменка дае дарогу будучаму Каляднаму карнавалу

Алег Хаменка і сябры распачынаюць традыцыю святкавання гарадскіх Калядаў у клубным фармаце. Прычым, верыць музыка, ідэя аднойчы можа вырасці ў вялікае грамадскае свята.

Алег Хаменка: “Традыцыя святкавання Калядаў у вялікім горадзе ў клубным фармаце толькі цяпер зараджаецца. Я яшчэ спадзяюся ўбачыць, як на Каляды будзе ісці па галоўным праспекце шэсце, дзе будуць і зоркі, і калядныя козы, і механошы, і мядзведзі, і буслы, і гэта будзе такі сапраўды зімовы карнавал, на які прыедуць людзі з усяго свету падзівіцца ды спрычыніцца да беларускай культуры”.

Алег Хаменка вельмі спадзяецца, што святкаваць Каляды ў кавярню "Loft"  7 студзеня прыйдзе “маскіраваная” публіка. Прычым, сцвярджае Алег, пераапрананне ў маскарадныя касцюмы падчас Калядаў нясе свой сакральны сэнс, які выхоўвае чалавека. Выступ Алега Хаменкі і музыкаў будзе складацца з дзвюх частак. У першай прагучаць песні з альбома “Кола грукатала”, у другой музыкі заспяваюць свае лепшыя калядныя песні. Да свята далучацца гурты Guda і Дзівасіл.