Акрамя Манаева і Лукашэнкі, ніхто рэйтынг прэзідэнта не даследаваў
Як стала вядома Еўрарадыё, сацыёлагі на гэта не маюць альбо грошай, альбо магчымасцяў, альбо жадання.
Як вядома, паводле дадзеных НІСЭПД, рэйтынг Лукашэнкі знізіўся ў 2,5
разы і зараз за яго гатовыя прагаласаваць 20,5%. Еўрарадыё даведалася,
ці цікавіліся іншыя сацыялагічныя і аналітычныя цэнтры ды лабараторыі
Беларусі сённяшнім электаральным рэйтынгам і рэйтынгам даверу да ўлады.
Паводле слоў дырэктара Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Ігара Катлярова, яны ўвогуле ніколі (!) не высвятлялі рэйтынг даверу людзей да кіраўнікоў ды палітыкаў.
Ігар Катляроў: “Мы
ўвогуле ніколі гэтым не займаліся! Электаральныя перавагі мы ніколі не
вывучалі. А тым больш — у апошні час. У нас няма ні структур, якія
займаюцца электаральнымі паводзінамі, ні нейкіх заданняў, ні заказаў. І ў
бліжэйшы час мы не збіраемся такое рабіць”.
Праводзіць
даследаванні за грошы Інстытута сацыёлагі не могуць: дорага. Катляроў
адзначае, што, каб вынікі адпавядалі рэчаіснасці, неабходна апытаць каля
1,5 тысяч чалавек па ўсёй краіне. А на гэта неабходна не менш за 5
тысяч долараў. І прызнаецца: нават калі б такое даследаванне ім замовілі
замежныя структуры, яны б яго правялі — дзяржава паставіла перад
інстытутам задачу зарабляць грошы.
Не задавалі беларусам пытанні
пра рэйтынг і давер і сацыёлагі з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры
Адміністрацыі прэзідэнта. Маўляў, прэзідэнцкія выбары прайшлі,
парламенцкія — не хутка, і вывучаць палітычныя схільнасці людзей і
рэйтынгі палітыкаў не мае сэнсу. Праўда, прызнаецца прэс-сакратар ІАЦ Аляксандр Філіпенка, нядаўна праводзілі апытанне, дзе падымаліся блізкія па сэнсе тэмы.
Аляксандр Філіпенка: “У
нас больш ускоснае апытанне: улічваючы эканамічныя абставіны, зараз мы
вельмі цікавімся, як людзі бачаць перспектывы вырашэння, з кім яны
звязваюць вырашэнне, на каго яны ўскладаюць свае спадзяванні і гэтак
далей”.
Але вынікамі гэтага даследавання ІАЦ падзяліцца адмовіўся.
Аляксандр Філіпенка: “Мы
сацыялагічныя апытанні, як структурнае падраздзяленне Адміністрацыі
прэзідэнта, аддаем кіраўніцтву. А ўжо прэс-рэліз выдае непасрэдна
Адміністрацыя. Адпаведна, сацыялагічных апытанняў у нас шмат, але што
пойдзе ў прэс-рэліз, мы не ведаем”.
Паведамляць жа вынікі даследавання без ухвалення кіраўніцтва яны не маюць права.
Супрацоўнікі
лабараторыі НОВАК штогод праводзілі сацыялагічныя даследаванні, кшталту
таго, якім займаліся калегі з НІСЭПД. Але вось ужо год як менавіта за
такія тэмы яны брацца не могуць, кажа Надзея Яфімава.
Надзея Яфімава: “Гэта
заўсёды было актуальна і мы заўсёды параўноўвалі гэтыя рэйтынгі. Але,
на жаль, цягам апошняга года мы гэтага не рабілі. Пасля таго, як у нас
была праверка, мы рэйтынгі менавіта не вымяралі”.
І толькі ў Аналітычным цэнтры ЕсооМ Еўрарадыё сказалі, што пэўныя звесткі на гэты конт у іх будуць. Але пазней. Кіраўнік цэнтра Сяргей Мусіенка запэўнівае, што правесці адпаведнае сацыялагічнае даследаванне яны мяркуюць праз некалькі тыдняў.
Сяргей Мусіенка: “Пакуль
не праводзілі — дзесьці бліжэй да лістапада будзем праводзіць. Мы зараз
анкету падрыхтавалі і запусцім яе тыдні праз два. Канец года — год
пасля выбараў праходзіць. Год пасля выбараў — гэта і ёсць нейкая
“адсечка” — сэнсу рабіць гэта часцей я не бачу”.
Затое ёсць
вынікі закрытага сацыялагічнага апытання ў кіраўніка краіны. І ён іх
сёння агучыў на сустрэчы з журналістамі з расійскіх рэгіёнаў.
Аляксандр Лукашэнка: “Паводле
дадзеных сацапытання да жніўня месяца амаль 70% рэспандэнтаў выказалі
давер кіраўніку краіны. Ужо не 80, а 70 — падзенне ёсць. 70% лічаць, што
дзейнасць прэзідэнта адпавядае іх інтарэсам. 60% рэспандэнтаў пазітыўна
ўспрымаюць жыццёвую сітуацыю. Не 100% — 60, а было больш за 80. Амаль
50%, падзенне значнае, упэўненыя ў заўтрашнім дні. Далей я вам не
прачытаю... У 58% грамадзян пераважвае пазітыўны эмацыйны стан:
упэўненасць, цярплівасць — гэта вельмі нізкі ўзровень. Але нідзе няма
20%!”
Дарэчы, каментуючы крыху раней у гэтым жа сваім
выступе вынікі розных сацыялагічных даследаванняў, кіраўнік краіны
заўважыў, што яны залежаць ад таго, хто гэтыя даследаванні замаўляе і
колькі за іх плаціць.