Адправім Антона Матольку ў цікавыя месцы Беларусі!
А фатограф іх наведае, сфатаграфуе і занатуе карысную інфармацыю для турыстаў.
Вядомы беларускі фатограф Антон Матолька распачаў “Шпаркае падарожжа” па Беларусі. Перад вандроўнікам стаіць няпростая задача: аб’ехаць як мага больш беларускіх гарадоў і вёсак, сабраць карысную інфармацыю пра дарогу, начлегі, кропкі харчавання і славутасці месца. А вынік гэтай працы выкласці ў інтэрнет. Прычым, на розных мовах, каб інфармацыяй маглі карыстацца як айчынныя, так і замежныя турысты. А накіроўваць фатографа ў цікавыя бакі будуць, паводле словаў Матолькі, карыстальнікі сацыяльных сетак, якія сочаць за яго творчасцю.
Антон Матолька: “Вялікая надзея на мясцовых жыхароў, на людзей, якія паходзяць з цікавых месцаў, якія там былі, нешта пра іх ведаюць, на іх парады, на іх дапамогу, на іх рэкамендацыі. І, зноў-такі, я не абмяжоўваюся нейкім спісам, не маю аніякага маршруту: сёння я ў Ракаве, а заўтра я ў Лоеве – куды захацеў, туды і паехаў. Куды пашлюць карыстальнікі сацсетак, скажуць, што там здорава, а я гэтага ніколі не бачыў, то з задавальненнем туды паеду, а потым распавяду, што там цікавага”.
Вычарпальная інфармацыя пра чарговую вандроўку Антона, у ідэале, мусіць з’яўляцца онлайн на наступны дзень пасля наведвання таго ці іншага месца. Выключэнне складуць вялікія гарады, у якіх шмат цікавых месцаў і іншых карысных для турыстаў рэчаў. З цягам часу, мяркуе Матолька, мусіць узнікнуць адмысловы сайт, які будзе ўтрымліваць інфармацыю пра беларускія гарады і вёскі на некалькіх мовах. Пакуль жа фатограф заклікае грамадскасць заходзіць на старонкі ў сацсетках аднаго з беларускіх правайдэраў, дзякуючы якому “падарожжа” стала магчымым, ці на ўласныя старонкі Антона і пакідаць там свае парады наконт наступнай вандроўкі.