Расія баіцца, што ў Беларусі з’явяцца “кітайскія вочы і вушы”
Расія баіцца, што Кітай будзе адсочваць яе сістэму абароны праз беларускіх сотавых аператараў. Расійскі палітолаг Юры Салазобаў у інтэрв’ю агенцтву REGNUM адзначыў, што паміж Беларуссю і Кітаем існуюць законныя пагадненні па размяшчэнні сістэм сотавай сувязі, а гэта сістэма двайнога прызначэння. Яна цудоўна знаходзіць нізкалятучыя цэлі, кшталту ракет, а таксама марскія і паветраныя аб’екты. Таксама палітолаг прыгадаў, што ёсць афіцыйнае пагадненне паміж беларускім і кітайскім урадамі наконт будаўніцтва спецыяльнага цэнтра інфармацыйнай бяспекі, які будзе практычна займацца радыёэлектроннай выведкай. Такім чынам, расійскі эксперт выказвае засцярогу, што Кітай зможа сачыць праз Беларусь за ўсёй Усходняй Еўропай і заходняй часткай Расіі.