Расійскі суд завочна арыштаваў гендырэктара "Уралкалія"

Маскоўскі суд завочна арыштаваў гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера на 2 месяцы і абвясціў яго ў міжнародны вышук, перадае ИТАР-ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара суда Наталлю Раманаву.

Тэрмін пачнуць адлічваць з таго часу, як кіраўнік кампаніі будзе дастаўлены ў Расію.

Нагадаем, 21 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Баўмгертнера перададуць Маскве, калі ён кампенсуе нанесеную шкоду. Кіраўнік дзяржавы ацаніў страты краіны ад сітуацыі з "Уралкаліем" у 1,5-2 мільярды долараў. Расія, паводле яго слоў, страціла 3 мільярды долараў.

Раней Лукашэнка заяўляў, што Мінск можа перадаць Баўмгертнера Расіі, калі яго арыштуюць. 14 кастрычніка Следчы камітэт Расіі распачаў у дачыненні да топ-менеджара крымінальную справу за "злоўжыванне паўнамоцтвамі".

Баўмгертнера першапачаткова абвінавачвалі ў парушэнні такога ж артыкула беларускага кодэкса, затым абвінавачанне перакваліфікавалі на артыкул "крадзеж".

Гендырэктар "Уралкалія" і старшыня назіральнага савета "Беларускай калійнай кампаніі" Уладзіслаў Баумгертнер быў затрыманы беларускімі спецслужбамі 26 жніўня 2013 года ў аэрапорце Мінска.

У Беларусь ён прыехаў па запрашэнні прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Яны збіраліся разгледзець пытанні, звязаныя з дзейнасцю “Беларускай калійнай кампаніі”. Сустрэча адбылася, а пасля яе Баумгертнера затрымалі ў аэрапорце. На дадзены момант ён знаходзіцца ў Мінску пад хатнім арыштам.

БКК да лета гэтага года з'яўлялася сумесным трэйдарам "Уралкалія" і "Беларуськалія". У канцы мінулага года спачатку Лукашэнка выдаў указ аб магчымасці беларускай кампаніі гандляваць у абыход БКК, а затым ад супрацоўніцтва адмовіўся "Уралкалій". Развал картэлі прывёў да абвалу акцый найбуйнейшых кампаній галіны, цэнам на калійныя ўгнаенні таксама прадказалі істотны спад, нагадвае Lenta.ru.

Фота vdmsti.ru