Праз перабоі з электрычнасцю на вуліцах узніклі заторы, а крамы зачыніліся

Здарэнне адбылося праз адключэнне прыстасавання, якое размяркоўвае энергію на некалькі раёнаў. Праблемы з электрычнасцю часткова ахінулі Цэнтральны, Завадскі, Ленінскі і Партызанскі раёны, паведаміў памочнік начальніка мінскага МНС Віталь Дэмбоўскі.

Віталь Дэмбоўскі: ”Адбылося адключэнне аднаго з фідараў. Прычына пакуль невядомая. Фідар на 10 кілавольт, які перадае электрычнасць на трансфарматарныя падстанцыі некалькіх раёнаў Мінску”.

У сувязі з перабоямі назіраліся непаладкі на станцыі метро “Акадэмія навук”. Не працавалі святлафоры на Нямізе, ў раёне Траецкага прадмесця.

На станцыі метро “Якуба Коласа” таксама ўзніклі праблемы з электрычнасцю, кажа супрацоўніца мінскай падземкі. Каля пяці хвілінаў былі перабоі, не працавалі банкаматы.

У ЦУМе праз непаладкі на ЦЭЦ-3 не працавалі некалькі кас, сцвярджаюць супрацоўнікі. А крама “Еўраопт” наогул зачынілася на гадзіну, бо не было святла.

“З 11 да 12:15 не было святла. Некаторыя каналы працавалі, некаторыя — не. Пасля наогул усё выключылася. Людзі з невядомых прычынаў і крычалі, і сварыліся. А што зробіш? Крама была зачыненая гадзіну, бо касы не працавалі, камеры таксама”, — распавядае супрацоўнік крамы.

На праспекце таксама не было святла, не працавалі святлафоры, кажа супрацоўнік “Еўраопта”.

“Па ўсім праспекце з Перамогі да Акадэміі навук не было святла. У ЦУМе не было, святлафоры не працавалі, бо мы выходзілі глядзець”.

Падачу электрычнасці ў раёны Мінска ўзнавілі амаль праз дзве гадзіны пасля непаладкаў на ЦЭЦ, кажа Віталь Дэмбоўскі.

Віталь Дэмбоўскі: ”У 12:35 усё было ўзноўлена. Там працавала група "Мінскэнерга", яны ўсё падключылі. Агульны час адключэння электрычнасці — гадзіна сорак восем хвілінаў”.

Канкрэтнай прычыны збояў на ЦЭЦ-3 не знайшлі, сцвярджае памочнік начальніка мінскага МНС. Маўляў, проста непаладкі з фідарам, які размяркоўвае электрычнасць.

Дарэчы, 5 красавіка ў раёне станцыі метро “Інстытут культуры” таксама назіраліся перабоі з электраэнергіяй.

Фота: rian.ru