Праз 10 год комы Ірына назвала імя злачынцы

Пасля таго, як да яе нечакана вернуліся памяць, зрок і маўленне Кастрычніцкі вечар на дыскатэцы ў 1996 годзе скончыўся для магіляўчанкі Ірыны Кізік ударам па галаве, комай і бальнічнай палатай на 10 гадоў. І хоць падазроны ў следства быў, доказаў, каб яго асудзіць, на той час не хапіла. Знайсці злачынцу і даказаць яго віну следчыя Магілёўскай абласной пракуратуры змаглі толькі сёлета, калі дзяўчына нечакана апрытомнела, да яе вернулася памяць, і яна загаварыла.

Маці дзяўчыны Вера Пятрова і сёння з жахам узгадвае першыя дні пасля трагедыі.

Вера Пятрова: “Кожную раніцу я бегала ў шпіталь. І вельмі часта бачыла, як з рэанімацыі вывозілі памерлых. Я гляджу на насілкі – гэта нехта вельмі вялікі, не Ірачка. Гэта нехта вельмі даўгі, таксама не Ірачка. Бягу наверх. Дзякуй Богу, мая Ірачка хоць на апараце, але яна жывая”.

Следчы Аляксандр Вяржбіцкі кажа, што нават калі пацярпелая пачала даваць паказанні, следства ішло вельмі складана і марудна. Уладзімір Капейчанка, якога падазравалі ў злачынстве, ад пачатку паставіў пад сумнеў здольнасць пацярпелай і сведкі Наталлі Смык дакладна ўзгадаць падзеі 10-гадовай даўніны.

Аляксандр Вяржбіцкі: “Праводзілася мноства ўсялякіх псіхалагічных, псіхіятрычных экспертыз для ўдакладнення факту наяўнасці свядомасці ў пацярпелай. Давялося правесці псіхолага-псіхіятрычную экспертызу і па сведцы. Наколькі яна адэкватная і можа памятаць падзеі 10-гадовай даўніны”.

Уладзімір Капейчанка спрабаваў даказваць, што ён добры сем’янін і ніколі не бываў на дыскатэках. Патрабаваў іншых, акрамя Наталлі Смык, сведкаў. Але пасля таго, як следчы узгадаў, што той здзейсніў у 1988 годзе згвалтаванне і быў асуджаны, памяняў паводзіны. Паабяцаў Наталлі Смык, што як выйдзе на волю, то павесіць яе.

Аляксандр Вяржбіцкі: “І пакуль разглядалася справа аб замаху на забойства, мы расследавалі справу аб прымусе да адмовы ад сведчанняў”.

Наталлю Смык пагроза не напалохала, і яна не адмовілася ад сваіх сведчанняў. Тым больш, што на працягу ўсіх 10 гадоў была ўпэўненая ў тым, што злачынец менавіта Уладзімір Капейчанка.

Наталля Смык: “Чаму я буду адмаўляцца, калі гэта насамрэч быў ён?

І ўсе 10 год дзяўчына ведала, што побач з ёй жыве смяротна небяспечны чалавек.

Наталля Смык: “Спачатку было вельмі старшна. Але з часам страх паменшаў”.

Суд прызначыў Уладзіміру Капейчанку 13,5 года зняволення.

29 чэрвеня Ірыне Кізік споўнілася 40 гадоў. Гэта быў першы за апошнія 10 гадоў дзень народзінаў, які яна адзначыла, седзячы за сталом. Маці Іры Вера Пятрова кажа, што памяць і зрок да дачкі вернуліся, але яна не можа самастойна хадзіць і перад вачыма ў яе пастаянна мільгаціць.

Вера Пятрова: “Ёй бы толькі хадзіць і не падаць. Усё, што нам засталося. І па зроку, і па маўленні мы маглі б жыць. Толькі б хадзіць і не падаць”.