Прадстаўнік польскай паліцыі распавёў падрабязнасці нападу на Класкоўскую

Беларуская журналістка, палітуцякачка Вольга Класкоўская сцвярджае, што яе ўначы 7 лістапада параніў нажом у плячо невядомы мужчына. Журналістка патрапіла ў шпіталь. Гаворыць Анна Кэндзежаўская, прэс-сакратарка галоўнага камісарыяту Варшавы:

“Раненьне жыццю не пагражала, у шпіталі яго перавязалі і пацярпелую адразу адпусцілі дамоў”.

Паліцыя распачала следства па факце нападу. Вось што паведаміла прэс-сакратарка галоўнага камісарыяту Варшавы са словаў пацярпелай:

“Учора ўвечары ў раёне Жалібож грамадзянку Беларусі на вуліцы спыніў незнаёмы мужчына ва узросце 20-25 год, папрасіў запаліць. Калі жанчына спынілася, ён параніў яе нажом. Ужо складзены яго фотаробат”.

Нагадаем, у дзень нападу, 7 лістапада, у раённым судзе "Warszawa- Zoliborz" адбыўся суд па запыце Міністэрства юстыцыі Беларусі з просьбай выдаць Беларусі дачку Вольгі Класкоўскай, 6-гадовую Міраславу, якая таксама знаходзіцца пад апекай Жэнеўскай канвенцыі.

З ініцыятывы бацькі дзіцяці, Віталя Навумовіча, цяпер у Беларусі ідзе працэс пазбаўлення Вольгі Класкоўскай бацькоўскіх правоў. На цяперашні момант жанчына пазбаўленая правоў на апеку.

Скантактавацца з самой Вольгай Класкоўскай нам не ўдалося. Раней яна заяўляла, што за імкненнем Віталя Навумовіча адабраць дачку стаяць беларускія спецслужбы.

Віталь Навумовіч, які прысутнічаў на судзе ў Варшаве і цяпер вярнуўся ў Беларусь, заявіў, што не верыць у напад на былую жонку. У сваю чаргу, ён звінаваціў Вольгу Класкоўскую, што тая выкарыстоўвае дачку ў палітычных мэтах.

Янка Багушэвіч, Еўрарадыё, Варшава