Помнік Усяславу Чарадзею з’явіцца сёлета ў Полацку.

Конная статуя Усяслава Чарадзея з’явіцца сёлета ў Полацку. Падрабязнасці ў рэпартажы нашага полацкага карэспандэнта.

“Палачане сабралі на помнік легендарнаму князю ўжо 120 мільёнаў рублёў. Ужо вызначана, якой будзе скульптура.


Помнік Усясяславу Чарадзею стане другой у Беларусі коннай статуяй. Першая ўсталяваная ў гонар сына Усяслава ў Барысаве. Полацкі князь будзе выяўлены з выцягнутай наперад правай рукой, а таксама з сокалам і ваўчынай скурай за спінай. Працу над помнікам вядзе група мінскіх скульптараў на чале з Аляксандрам Прохаравым.


Але вось месца, на якім ён будзе стаяць, дагэтуль не вызначана. Былі прапановы паставіць манумент князю Усяславу каля Сафійскага сабору, пабудаванага пад час яго праўлення; на прывакзальнай плошчы; на валу, што стаіць на месцы гістарычнага Ніжняга замку. Разглядаліся і іншыя варыянты.


У выніку адмысловая камісія, якая адказвае за ўзвядзене помніка, вырашыла звярнуцца да грамадскасці горада. Да 15 траўня любы грамадзянін можа прадставіць камісіі сваю абгрунтаваную прапанову па вызначэнню месца для манумента”.